КПБ: камуністы Беларусі падтрымаюць Лукашэнку на выбарах

29.11.2010 15:34
Архив Редакция

Камуністычная партыя Беларусі ў кааліцыі з «левымі» партыямі і грамадскімі аб'яднаннямі будзе падтрымліваць на будучых прэзідэнцкіх выбарах кандыдатуру дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведаміў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы сакратар Мінскага гарадскога камітэту КПБ Ігар Карпенка.

Цэнтральны камітэт КПБ прыняў адпаведны зварот да грамадзян Беларусі. На думку камуністаў, беларускаму народу пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі ўдалося вырашыць шмат складаных праблемаў. Перш за ўсё, пераадолець крызісныя з’явы ў эканоміцы, закласці асновы для паступальнага і інавацыйнага развіцця краіны, умацаваць абараназдольнасць дзяржавы і забяспечыць у ёй належны правапарадак, захаваць адзінства нацыі, прадухіліць рэзкае расслаенне грамадства на занадта багатых і бедных, перадае БелТА.

«Беларусь становіцца ўсё больш цікавай і адкрытай свету, прывабнай для інвестараў, паўнапраўным палітычным і гандлёвым партнёрам», — падкрэсліваецца ў звароце. Камуністы перакананыя, што нельга дазволіць «псеўдапатрыётам і лібералам рознага кшталту ўвесці краіну ў бездань хаосу і беспарадку».

Камуністычная партыя заклікае беларусаў падтрымаць на выбарах кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі і прапанаваны ім палітычны курс. «Ад грамадзянскай пазіцыі кожнага з нас, ад актыўнасці ўдзелу ў галасаванні шмат у чым залежыць будучыня краіны», — адзначыў Ігар Карпенка.

Дэпутат таксама дадаў, што ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў камуністы актыўна працуюць як у складзе выбарчых камісій усіх узроўняў, так і ў якасці назіральнікаў. «Прадстаўнікі КПБ уключыліся ў агітацыйную кампанію, падчас якой будуць праводзіць тлумачальную працу сярод насельніцтва аб супадзенні праграмных палажэнняў КПБ з унутранай і знешняй палітыкай, якая праводзіцца дзейным кіраўніцтвам краіны ў інтарэсах абсалютнай большасці грамадзян», — рэзюмаваў парламентарый.

Как вам новость?
Головоломки