Лукашэнка: ніякай розніцы ў альтэрнатыўных кандыдатах няма

29.11.2010 17:19
Архив Редакция

Дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае стварыць ідэйны партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, каб паказаць, што ніякай розніцы паміж імі няма. «Трэба вымаляваць, вобразна адлюстраваць партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў. Людзям трэба растлумачыць, што ніякай розніцы ў іх няма. Усё, што яны кажуць, — гэта хлусня», — заявіў палітык на сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі.

«Я ведаю ўсю іх паднаготную. Усе яны выраслі з аднаго кораня», — дадаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

«Усе яны — гэта альтэрнатыва дзейнай уладзе, бел-чырвона-белыя, нацэленыя на гвалтоўную беларусізацыю, людзі выключна празаходняга вектару. І вось гэтыя гульні на расійскіх клавішах, на расійскім інструменце — гэта ўсё для таго, каб паказаць, што ў іх ёсць нейкая розніца, і максімум ў гэтым плане адарваць галасоў у дзейнага прэзідэнта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Павінен быць на гэтыя дзевяць чалавек пэўны ідэйны партрэт», — дадаў дзейны прэзідэнт.

«Яны патрабавалі прамога эфіру — ім яго падалі. І сёння ўжо не яны, дык бліжэйшыя памочнікі і ідэолагі ў адкрытую заяўляюць аб тым, што лепш бы яны не выкарыстоўвалі гэты прамы эфір. Думалі, што выйдуць вялікія прамоўцы на экран, два словы скажуць і народ пабяжыць ледзь ці не заўтра за іх аддаваць галасы. Аказалася, гэта не так проста», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На думку дзейнага прэзідэнта, «народ усё бачыць».

Лукашэнка: не павінна быць перабораў у агітацыі

«У прапагандзе, агітацыі, у нашым імкненні абараніць усё, што стварылі, не павінна быць перабораў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы лішні раз пачнем выхваляцца перад людзьмі і залішне падкрэсліваць тое, што зроблена, для нас гэта будзе негатывам. Перабору быць не павінна ні ў чым», — адзначыў дзейны кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў спіс яго давераных асобаў увайшлі прадстаўнікі розных прафесій, людзі, якія ўмеюць размаўляць з народам і здольныя данесці ідэі. «Галоўнае заключаецца ў тым, што вы адносіцеся да тых людзей, якія стаяць побач з прэзідэнтам, ажыццяўляюць курс прэзідэнта на справе, больш за тое, вы прапагандуеце гэты курс, маеце дачыненне да стварэння усяго таго, што ў нас сёння ёсць у краіне», — сказаў кандыдат, звяртаючыся да давераных асобаў.

«Вы проста абавязаны абараняць створанае, вы павінны разам са мной несці ў масы тыя задумы, якія мы будзем рэалізоўваць, прынамсі, у бліжэйшыя 5 гадоў, калі на тое будзе воля беларускага народа», — сказаў дзейны кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки