819 адораным навучэнцам і студэнтам прызначаць прэзідэнцкія стыпендыі

30.07.2010 14:05
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся заахвоціць грашовымі прэміямі 819 навучэнцаў і студэнтаў. Адпаведнае рашэнне савета спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў кіраўнік дзяржавы зацвердзіў 29 ліпеня 2010 года. Агульная сума выплатаў складзе 149,7 млн. рублёў.

Мэтай дадзенага распараджэння з’яўляецца забеспячэнне адраснай дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама стварэнне спрыяльных умоваў для іх пошуку, станаўлення і развіцця, паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.

Грашовымі прэміямі спецыяльнага фонду ўзнагародзілі пераможца XVII Міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў (1,9 млн. рублёў), пераможца 4-й Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў (1,4 млн. рублёў) і пераможца Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу (700 тыс. рублёў).

Заахвочвальныя стыпендыі ў памеры 140 тыс. рублёў тэрмінам на адзін каляндарны год з дня прызначэння прысуджаныя тром пераможцам XVII Міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў.

Грашовымі прэміямі ў памеры ад 140 тыс. да 245 тыс. рублёў узнагародзілі 655 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах 2010 года, 19 пераможцаў XVIII Рэспубліканскага турніру юных фізікаў, 116 пераможцаў XIV Рэспубліканскай канферэнцыі навучэнцаў па астраноміі, біялогіі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы і хіміі. Грашовыя прэміі ў памеры ад 175 тыс. да 350 тыс. рублёў атрымаюць таксама 23 пераможцы Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2010 года.