ААН: працягласць жыцця ў Беларусі ўпала ніжэй за паказчыкі 1970-х

05.11.2010 12:49
Архив Редакция

За мінулыя 20 гадоў большасць людзей радыкальна палепшыла ключавыя паказчыкі свайго жыцця, сведчаць дадзеныя «Дакладу аб развіцці чалавека за 2009 год», падрыхтаванага ААН. Толькі ў дзевяці краінах свету чаканая працягласць жыцця ўпала ніжэй за паказчыкі 1970-х. Шэсць з іх — групы краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Яшчэ тры — Беларусь, Украіна і Расія.

Эксперты ААН ацанілі сярэднюю працягласць жыцця беларуса ў 69,6 года, украінца — у 68,6 года, расійца — 67,2 года, перадае «Салідарнасць».

Зніжэнне меркаванай працягласці жыцця ў шасці краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары аўтары дакладу ўвязваюць з эпідэміяй ВІЧ. Даследчыкі адзначаюць, што скарачэнне чаканай працягласці жыцця ў трох краінах былога Савецкага Саюза закранула, у першую чаргу, мужчын. Так, у расійскіх мужчынаў гэты паказчык у перыяд 1989-1994 гадоў знізіўся на сем гадоў.

Пры гэтым адзначаюцца рост маштабаў алкагалізму і стрэсы, звязаныя з пераходам да рынкавай эканомікі і высокай інфляцыяй, беспрацоўем і няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні. Адно з даследаванняў выявіла, што ў перыяд паміж 1990-м і 2004-м гадамі 21% з 25 тыс. памерлых мужчын у Сібіры, прычынай смерці якіх называліся хваробы кровазвароту і якім рабілася ўскрыццё, мелі смяротную або амаль смяротную канцэнтрацыю этанолу ў крыві.

Разам з тым, аўтары даклада лічаць, што не варта зводзіць прычыны скарачэння чаканай працягласці жыцця ў гэтых краінах толькі да цяжкасцяў пераходу да рынкавай эканомікі. У некаторых дзяржавах з пераходнай эканомікай, дзе спачатку таксама адзначалася аналагічнае павышэнне смяротнасці — напрыклад, у Кыргызстане і Чарнагорыі, у пачатку 2000-х гадоў становішча хутка выправілася.

У дакуменце адзначаецца, што зніжэнне чаканай працягласці жыцця ў былым СССР пачалося яшчэ да пераходнага перыяду — у 1970-я гады. Тады было адзначана скарачэнне на адзін год, тады як ва ўсім свеце працягласць жыцця вырасла на тры з паловай гады.

Як раней перадаваў Тэлеграф, ААН падрыхтавала «Даклад аб развіцці чалавека за 2009 год», які змяшчае дадзеныя аб узроўні жыцця і сацыяльнай абароненасці жыхароў розных краін, паказчыкі здароўя, узроўню адукацыі і культурнага развіцця насельніцтва, стану злачыннасці, аховы навакольнага асяроддзя, удзелу людзей у прыняцці рашэнняў. Паводле даследавання, Беларусь знаходзіцца на 61-м месцы сярод 169 дзяржаваў свету.

Как вам новость?
Головоломки