ААН высока ацаніла беларускую канферэнцыю па абароне дзяцей

05.05.2010 11:16
Архив Редакция

Першая міжнародная канферэнцыя серыі «Бяспечная Беларусь для дзяцей», якая праходзіла ў Мінску 22-23 красавіка 2010 года, атрымала высокую ацэнку спецыяльнага прадстаўніка генеральнага сакратара ААН па прадухіленні жорсткага абыходжання з дзецьмі Марты Сантас Паіс.

У лісце, адрасаваным арганізатарам канферэнцыі — МГА «Понимание», — Марта Сантас Паіс выказала свае шчырыя віншаванні ў сувязі з тым, што першая канферэнцыя «Бяспечная Беларусь для дзяцей» прайшла вельмі рэзультатыўна і дазволіла арганізаваць абмеркаванне праблемы на высокім прафесійным узроўні.
У сваім звароце Марта Сантас Паіс адзначыла: «Я з асаблівым задавальненнем адзначаю, што падчас першай канферэнцыі «Бяспечная Беларусь для дзяцей» акцэнт быў зроблены на распрацоўцы і прасоўванні менавіта нацыянальнай стратэгіі па прадухіленні гвалту ў дачыненні да дзяцей і рэабілітацыі дзяцей, якія падвергліся гвалту. Такі падыход з’яўляецца ключавым пры распрацоўцы стратэгічных праграмаў у сферы адказнасці і прадухіленні гвалту».
Першая міжнародная канферэнцыя серыі «Бяспечная Беларусь для дзяцей» праходзіла пад назвай «Развіццё сістэмы абароны дзяцей ад гвалту: нацыянальны і міжнародны досвед». Асноўнымі тэмамі канферэнцыі сталі сітуацыйны аналіз у вобласці абароны дзяцей ад гвалту, метады аказання дапамогі пацярпелым дзецям, міжнародныя і нацыянальныя механізмы абароны дзяцей ад гвалту, выпрацоўка прапаноў для ўнясення ў праекты дзяржаўнай палітыкі па абароне дзяцей.
Па выніках канферэнцыі была прынята рэзалюцыя, якая сцвярджае нацыянальную стратэгію папярэджання гвалту ў дачыненні да дзяцей і аказання прамой дапамогі пацярпелым дзецям. Рэзалюцыя па выніках канферэнцыі рэкамендуе ўключыць палажэнні дадзенай стратэгіі ў праект праграмы «Дзеці Беларусі» на 2011 — 2015 гады. Гэта дазволіць максімальна эфектыўна выкарыстоўваць прынцыпы міжсектарнага і міждысцыплінарнага падыходаў для рэалізацыі нарматыўных і адукацыйных кампанентаў стратэгіі.
У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 160 чалавек, у ліку якіх былі прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў, ключавых міністэрстваў і ведамстваў, дзяржаўных устаноў і грамадскіх  арганізацыяў Рэспублікі Беларусь. Таксама ў канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі сямі замежных дзяржаваў: Вялікабрытаніі, Індыі, ЗША, Швецыі, Літвы, Украіны, Расіі. Удзельнікі канферэнцыі змаглі абмяняцца досведам рэалізацыі найбольш эфектыўных мадэляў, накіраваных на папярэджанне і барацьбу з гвалтам у дачыненні да дзяцей.

Как вам новость?
Головоломки