ААН заклікаюць прыгледзецца да пытання правоў чалавека ў Беларусі

15.02.2011 16:04
Архив Редакция

Кіраўнік міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі Андрэй Юраў і прадстаўнік Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Дзмітры Макараў заявілі аб неабходнасці візіту ў Беларусь прадстаўнікоў ААН па правах чалавека. Пра гэта яны паведамілі 13 лютага ў рамках нефармальнай гутаркі з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Наві Пілэй.

Акрамя таго, у якасці альтэрнатывы Андрэй Юраў і Дзмітры Макараў прапанавалі запрасіць беларускіх праваабаронцаў на асобную сустрэчу для абмеркавання правоў чалавека ў Беларусі і выпрацоўкі рэкамендацый з боку ААН да беларускага ўраду, паведамляе ІА «REGNUM-Беларусь».

Наві Пілэй таксама атрымала матэрыялы па становішчы праваабаронцаў, адвакатаў і журналістаў у Беларусі. Пры гэтым яна заявіла, што «дэталёва вывучае сітуацыю, якая склалася ў Беларусі» і выказала гатоўнасць у далейшым разглядаць матэрыялы і рэкамендацыі па яе паляпшэнні.

Між тым, як ужо перадаваў Тэлеграф, ААН паставіла Беларусь у адзін шэраг з Егіптам і Тунісам. Група спецыяльных дакладчыкаў і экспертаў ААН па правах чалавека выступіла з заявай, у якой адзначыла, што «за апошнія некалькі тыдняў мужчыны і жанчыны ў многіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, Егіпце і Тунісе, выказвалі незадаволенасць, у тым ліку з нагоды недахопу працоўных месцаў і парушэнняў права на адэкватныя стандарты жыцця».

Эксперты ААН падкрэслілі, што дэманстранты ў названых краінах выступалі як супраць павышэння коштаў на прадукты харчавання і іншыя асноўныя тавары, так і супраць немагчымасці рэальна ўдзельнічаць у прыняцці важных рашэнняў. Гэта на думку праваабаронцаў ААН, яшчэ раз пацвярджае непадзельнасць грамадзянскіх, культурных, эканамічных, палітычных і сацыяльных правоў чалавека.

Как вам новость?