Абама: беларуская сітуацыя зніжае бяспеку Еўропы

30.05.2011 10:43
Архив Редакция

Палітычная сітуацыя Беларусі ўплывае таксама і на суседнія краіны. Пра гэта 28 траўня падчас канферэнцыі з кіраўніком Польшчы Браніславам Камароўскім заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Барак Абама. "Такія дзеянні ўладаў, якія мы назіраем у Беларусі, могуць паўплываць на ўвесь рэгіён, што робіць яго менш бяспечным", — адзначыў ён.

Амерыканскі прэзідэнт таксама згадаў пра польскага журналіста Gazety Wyborczej Андрэя Пачобута, які знаходзіцца пад арыштам у Беларусі, і абмеркаваў са сваім калегам Камароўскім адносіны Польшчы, Расіі і ЗША.

«Я ганаруся тым, што мы пачалі працэс, які будзе садзейнічаць стабілізацыі адносін паміж ЗША і Расіяй. Прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў тут з’яўляецца нашым партнёрам. Супрацьракетная абарона з’яўляецца пытаннем, па якім мы павінны супрацоўнічаць з расіянамі, у нас ёсць агульныя знешнія пагрозы», — цытуе Барака Абаму Gazeta.pl.

Камароўскі: у нас цвёрдая пазіцыя адносна сітуацыі ў Беларусі

Браніслаў Камароўскі ў сваю чаргу адзначыў, што пазіцыі Польшчы і ЗША ў дачыненні да Беларусі цалкам ідэнтычныя.

«Я вельмі рады, што мы маглі падзяліцца думкамі аб удзеле ў будаўніцтве дэмакратыі ў асяроддзі Еўропы, а таксама на Усходзе і, напрыклад, у Беларусі, дзе наступіў драматычны крах працэсу дэмакратызацыі, дзе арыштаваныя прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, канкурэнты на выбарах. Дзе таксама цяпер праходзіць акцыя ў абарону польскага журналіста, карэспандэнта польскай прэсы ў Беларусі. Я вельмі рады, што цалкам супадаюць нашыя меркаванні ў цвёрдым рашэнні адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, — сказаў ён

Туск: у беларускай дыктатуры няма будучыні

Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск пацвердзіў словы прэзідэнта краіны. «Што тычыцца Беларусі, то тут нашы думкі (з ЗША — Тэлеграф) сыходзяцца на сто адсоткаў. Для такіх дыктатур у Еўропе няма будучыні», — сказаў ён.

Акрамя таго, прэм’ер Польшчы назваў Андрэя Пачобута «вязнем рэжыму».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Прэзідэнт ЗША Барак Абама рашуча асудзіў прысуды экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі і паабяцаў увесці новыя санкцыі супраць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў «у дадатак да санкцый, візавых абмежаванняў і замарожвання актываў, абвешчаных 31 студзеня». «Гэтыя меры накіраваны супраць адказных за рэпрэсіі, у прыватнасці Аляксандра Лукашэнкі, і не накіраваныя супраць народа Беларусі», — заявіў ён.

Как вам новость?