Абаронцы жывёл з "Эгіды" просяць дапамогі

06.05.2011 10:54
Архив Редакция

Беларуская грамадская арганізацыя абаронцаў жывёл "Эгіда" апынулася ў складанай сітуацыі ў фінансавым плане. Таксама абаронцам жывёл не хапае валанцёраў. За апошні час ГААЖ "Эгіда" выдала шмат талонаў на лячэнне, стэрылізацыі, кастрацыі, рэнтгены, УГД і іншае, і ў арганізацыі ўтварыўся доўг каля двух мільёнаў рублёў.

У гэтым месяцы абаронцы жывёл працягваюць лячыць сваіх беспрытульнікаў у доўг. «Спыняць праграму стэрылізацыі мы не можам. Ды і лячыць трэба пастаянна. ВЕЛЬМІ просім дапамогі ў наведвальнікаў сайта (egida.by) — неабходна разлічыцца па даўгах з клінікай!» — сказала старшыня «Эгіды» Наталля Бялянава.

Для гэтага трэба перавесці любую суму на разліковы рахунак арганізацыі (у яе заключаны дагавор з клінікай, і грошы яна пералічвае па безнаяўным разліку, для таго каб «закрыць» абавязак, і пералічыць некаторую суму наперад.

Разліковы рахунак:

ГААЖ «Эгіда»

ААБ «Беларусбанк», код 601

Ф-л №500 — Мінскае ўпраўленне

р/с 3015000004266

УНП 101860476

Прызначэнне плацяжу: Ахвяраванне

Таксама «Эгіда» мае магчымасць заключаць дамовы аб спонсарскай дапамозе з юрыдычнымі асобамі.

Другая праблема

ГААЖ «Эгіда» зняла ў арэнду дом пад каціны прытулак. Але так ужо здарылася, што туды пастаянна трапляюць і сабакі. І ў арганізацыі ўжо змірыліся, што прытулак стаў каціна-сабачы. Адно АЛЕ: катастрафічна не хапае валанцёраў — людзей, якія змогуць дапамагаць даглядаць за жывёламі.

«Валанцёр, які прыйшоў на змену да катоў (а ў нас дастаткова хворых, якіх трэба пракалоць, акрамя таго, што пакарміць і прыбраць), фізічна не можа яшчэ і выгуляць сабак. А іх таксама трэба пакарміць, вычысціць сабачыя месцы. А яшчэ патрэбны час патрымаць катоў на ручках, пагутарыць і пагуляць з імі! Бо яны ў нас такія аматары пасядзець на руках і пакурняўкаць нам сваю песеньку. І сабак трэба прылашчыць: яны ўвесь час чакаюць увагі ад людзей! А яшчэ нам неабходна падтрымліваць усю тэрыторыю ў чысціні, на што сыходзіць нямала часу!» — адзначыла старшыня «Эгіды».

«Калі сярод вас знойдуцца ахвотнікі нам дапамагаць у прытулку — набярыце нумар тэлефона: +375-29-630-79-33 (Наталля Аляксандраўна), і мы вельмі будзем Вам удзячныя! А яшчэ больш будуць Вам ўдзячныя нашы жывёлы! Загадзя дзякуем за разуменне, падтрымку і дапамогу!» — сказала яна.

Как вам новость?