АБСЕ: беларускія законы не гарантуюць дэмакратычнасць выбараў

07.06.2010 10:39
Архив Редакция

На думку экспертаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Венецыянскай камісіі Рады Еўропы, унесеныя ў студзені 2010 года ў Выбарчы кодэкс Беларусі папраўкі, з'яўляюцца крокам да ліквідацыі недахопаў, але не гарантуюць правядзення адкрытых і дэмакратычных выбараў.

Як адзначыў дырэктар Бюро АБСЕ Янез Ленарчыч, папраўкі ўключаюць у сябе шэраг паляпшэнняў, прынятых на падставе рэкамендацый, якія Бюро АБСЕ давала ў мінулых ацэнках выбараў па выніках працы назіральнікаў і падчас кансультацыяў з беларускімі ўладамі, перадае БелаПАН.

«Якасць будучых выбараў у Беларусі будзе залежаць не толькі ад дзеючага заканадаўства. Важна яшчэ, як заканадаўчая база будзе прымяняцца», — дадаў сакратар Венецыянскай камісіі Томас Маркерт. На яго думку, адно толькі заканадаўства не можа гарантаваць правядзення выбараў, адпаведных міжнародным стандартам.

Эксперты лічаць, што для паляпшэння выбарчага працэсу ў Беларусі неабходна спрасціць працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў і правядзення агітацыйнай кампаніі, даць дадатковыя гарантыі па правядзенні датэрміновага галасавання, дазволіць аспрэчваць рашэнні ЦВК у Вярхоўным судзе.

Таксама ў заяве адзначаецца, што ў Беларусі адсутнічаюць крытэры у працэдуры выбару членаў выбарчых камісій.

Асабліва ў дакуменце падкрэсліваецца, што папраўкі ў Выбарчы кодэкс так і не далі гарантыі таго, што назіральнікі змогуць сачыць за працэдурай падліку галасоў.

Как вам новость?
Головоломки