АБСЕ гатова дапамагчы ўладам Беларусі спыніць ціск на СМІ

06.01.2011 14:40
Архив Редакция

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заяўляе аб сваёй гатоўнасці ў найбліжэйшы час прыехаць у Мінск і дапамагчы беларускім уладам выканаць абавязацельствы па свабодзе СМІ, якія яны ўзялі на сябе ў рамках АБСЕ. Адпаведны ліст яна напісала міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву.

У лісце Дуня Міятавіч заклікае спыніць пераслед незалежных СМІ і зараз жа вызваліць усіх арыштаваных журналістаў. У прыватнасці, карэспандэнта расійскай «Новой газеты» Ірыну Халіп і рэдактарку сайта charter97.org Наталлю Радзіну, якім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

«Я глыбока занепакоеная беспрэцэдэнтнай хваляй гвалту, запалохванняў, арыштаў і пераследу журналістаў, якая пачалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня», — цытуе дакумент прэс-служба АБСЕ.

У ім таксама згадваецца, што ператрусы прайшлі ў рэдакцыях выдання «Наша Ніва», «Еўрапейскага радыё для Беларусі», тэлеканала «Белсат» і прыватных кватэрах журналістаў незалежных СМІ, у ходзе якіх была канфіскаваная аргтэхніка.

Прадстаўніца АБСЕ настойвае на спыненні «гэтых варожых дзеянняў супраць незалежных СМІ».

Міжнародны інстытут прэсы падтрымлівае Дуню Міятавіч

Міжнародны інстытут прэсы (IPI) і яго даччыная Медыяарганізацыя Паўднёва-Усходняй Еўропы (SEEMO) заклікаюць беларускае кіраўніцтва не толькі неадкладна вызваліць усіх журналістаў, затрыманых у сувязі з мітынгам 19 снежня ў Мінску, але і расследаваць замахі сілавых структур, дапушчаныя ў дачыненні да іх, перадае БелаПАН.

У сумеснай заяве кіраўнік па пытаннях свабоды друку Міжнароднага інстытута прэсы Энтані Мілс і генеральны сакратар SEEMO Олівер Вуёвіч нагадваюць, што свабода друку з’яўляецца «фундаментальным правам паўсюдна ў свеце», і ў супрацоўнікаў СМІ павінна быць магчымасць выконваць сваю працу «без страху арышту, нападу і зняволення ў турму».

Прадстаўнікі IPI і SEEMO заяўляюць, што занепакоены арыштам і нападам на беларускіх журналістаў падчас масавых дэманстрацыяў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Олівер Вуёвіч і Энтані Мілс, як і Дуня Міятавіч, гатовыя наведаць Мінск. У сувязі з сітуацыяй, якая склалася пасля 19 снежня, яны маюць намер правесці сустрэчы і з журналістамі, і з уладамі краіны.

Асаблівая занепакоенасць у Олівера Вуёвіча, выклікае ўтрыманне ў турме Наталлі Радзінай і Ірыны Халіп. «Для нас важна, каб беларускія журналісты маглі працаваць незалежна, прафесійна і свабодна, гэтак жа, як і журналісты ў іншых краінах», — адзначыў ён.