АБСЕ глыбока шкадуе аб закрыцці офісу ў Мінску

03.01.2011 09:16
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Літвы Аўдронюс Ажубаліс, які ўступіў на пасаду старшыні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, 31 снежня выказаў глыбокае шкадаванне ў сувязі з закрыццём офісу АБСЕ ў Мінску. Ён адзначыў, што дадзеная сітуацыя яшчэ больш расчароўвае ў святле абавязацельстваў, узятых на сябе кіраўнікамі дзяржавы і ўрада на саміце АБСЕ ў Астане.

«З 1998 офіс АБСЕ ў Мінску аказваў значную падтрымку намаганням урада па інстытуцыйным будаўніцтве, умацаванні вяршэнства закона і развіцці адносін з грамадзянскай супольнасцю ў адпаведнасці з прынцыпамі і абавязацельствамі АБСЕ, а таксама па распрацоўцы мераў у эканамічнай і экалагічнай сферах. Яго мандат не быў выкананы. Захоўваецца важная праца для працягу дзейнасці АБСЕ ў Беларусі», — заявіў Аўдронюс Ажубаліс.

У сувязі з гэтым ён заклікаў урад Беларусі перагледзець сваю пазіцыю для таго, каб офіс АБСЕ мог працягнуць сваё знаходжанне ў Мінску, паведамілі ў МЗС Літвы.

Сойм Літвы: закрыццё офіса — помста за аб’ектыўныя высновы па выніках выбараў у Беларусі

У сваю чаргу старшыня Камітэту Сойму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс зазначыў, што закрыццё офісу АБСЕ ў Мінску можна ацэньваць як помсту за «аб’ектыўныя высновы гэтай арганізацыі па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі». Ён адзначыў, што рашэнне беларускіх уладаў з’яўляецца яшчэ адным «крокам у бок ад дэмакратызацыі беларускага грамадства да закрытасці», перадае DELFI.

Эмануэліс Зінгерыс паведаміў, што Літва як старшыня АБСЕ «пастараецца зрабіць усё, каб офіс з 40 чалавек затрымаўся ў Мінску як мага даўжэй». Разам з тым, ён прапанаваў у аднабаковым парадку адмяніць плату за візы для грамадзян Беларусі, адклікаць мараторый на прымяненне санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, пашырыць спіс неўяздных, уключыўшы ў яго людзей, якіх АБСЕ лічыць датычнымі да рэпрэсій супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Глыбокую заклапочанасць у сувязі з закрыццём офісу АБСЕ ў Мінску выказаў і Наглядальны савет Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. «Мы з шкадаваннем адзначаем, што гэты крок кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь можа быць вытлумачаны як рэакцыя ўладаў на заявы офісу АБСЕ па ацэнцы працэсу правядзення выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года», — заявілі ў арганізацыі.

На думку Назіральнага савета, супрацоўніцтва кіраўніцтва Беларусі з міжнароднымі арганізацыямі «ніяк не павінна залежаць ад тых ці іншых ацэнак, зробленых прадстаўнікамі гэтых арганізацый, калі Рэспубліка Беларусь сапраўды гатовая трымацца тых міжнародных абавязкаў, якія яна на сябе брала і неаднаразова пацвярджала», перадае БелаПАН.

Як раней перадаваў Тэлеграф, беларускія ўлады не працягнулі мандат офісу АБСЕ ў Мінску. Аб гэтым членам сталай рады АБСЕ паведаміў 31 снежня пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Аляксандр Сычоў. Як заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, «неабходна адзначыць, што гэта ўсвядомленае рашэнне».

Как вам новость?