АБСЕ: пры дрэнным падліку галасоў выбары не прызнаем

08.12.2010 11:53
Архив Редакция

Калі ў справаздачах па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі будзе паказана, што падлік галасоў праходзіў дрэнна, то зрабіць пазітыўнае заключэнне не будзе магчымым. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ, пасол Герт Арэнс, які 7 снежня прысутнічаў на сустрэчы з даверанымі асобамі кандыдатаў і назіральнікамі ў Магілёве.

Паводле яго слоў, дзяржаўныя радыё- і тэлеканалы значна больш увагі надаюць Аляксандру Лукашэнку, чым іншым кандыдатам у прэзідэнты. Нягледзячы на гэта, заўважыў пасол, дзяржаўныя СМІ транслявалі выступы кандыдатаў у прамым эфіры, была магчымасць «крытыкаваць прэзідэнта і дзейную ўладу досыць жорстка, і гэта з’яўляецца прыкметай сапраўднай выбарчай кампаніі». Аднак, на яго думку, датэрміновае галасаванне з’яўляецца негатыўным момантам.

«Я магу цяпер сказаць, што збор подпісаў за кандыдатаў і рэгістрацыя кандыдатаў прайшлі адносна добра. Але з вопыту мінулых выбараў ёсць тое, што прывяло да негатыўнай ацэнкі, — гэта датэрміновае галасаванне і падлік галасоў», — прыводзіць словы Герта Арэнса БелаПАН.

Менавіта гэта можа прывесці да непрызнання беларускіх выбараў місіяй БДІПЧ. «Я спецыяльна падымаю гэтае пытанне перад уладамі, кажу ім пра тое, што калі ноччу пасля выбараў я буду атрымліваць сотні і сотні справаздачаў, у якіх будзе напісана, што падлік галасоў праходзіў дрэнна ці вельмі дрэнна, то я не змагу зрабіць пазітыўнае заключэнне», — сказаў кіраўнік місіі.

Між тым Герт Арэнс спадзяецца на паляпшэнне сітуацыі з датэрміновым галасаваннем і падлікам галасоў. «Што тычыцца падліку галасоў, то Цэнтральная камісія па выбарах выдала рэзалюцыю аб тым, што назіральнікам павінна быць прадстаўлена рэальная магчымасць назіраць за працэсам падліку галасоў. Так як мне не дастаўляе ніякага задавальнення даваць негатыўную ацэнку, то я буду вельмі рады, калі два гэтыя пытанні — датэрміновае галасаванне і падлік галасоў — палепшацца гэтым разам», — дадаў пасол.

Как вам новость?