АБСЕ заклікала адмяніць крымінальнае пакаранне журналістаў за паклёп

27.10.2010 15:40
Архив Редакция

Прадстаўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заклікала ўлады Беларусі адмяніць крымінальны пераслед журналістаў за паклёп, крытыку, сатыру. Пра гэта яна распавяла на прэс-канферэнцыі ў Мінску, падводзячы вынікі свайго першага візіту ў Беларусь.

Дуня Міятавіч паведаміла, што з 56-і краін, якія ўваходзяць у АБСЕ толькі ў 11-і адменена крымінальнае пакаранне журналістаў за паклёп. Сярод іх — Арменія, Боснія і Герцагавіна, Вялікабрытанія, Ірландыя, Грузія, ЗША, Украіна, Эстонія. З астатнімі краінамі, у тым ліку і з Беларуссю, АБСЕ працягвае актыўную працу, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

Дуня Міятавіч падкрэсліла, што медыйнае заканадаўства не павінна абмяжоўваць плюралізм СМІ, а наадварот, спрыяць яго развіццю. «Заканадаўства павінна дазваляць СМІ існаваць свабодна», — заявіла прадстаўніца АБСЕ.

Міятавіч: у беларускіх СМІ адсутнічае плюралізм

Па словах Дуні Міятавіч, плюралізм у беларускіх СМІ цалкам адсутнічае. «Ён абмежаваны ў друкаваных СМІ і застаецца пад пагрозай у інтэрнэце», — заявіла Дуня Міятавіч. У сувязі з гэтым прадстаўніца АБСЕ заклікала беларускія ўлады адмяніць ўсе адміністрацыйныя абмежаванні ў дачыненні да СМІ, такія як вынясенне папярэджанняў газетам і закрыццё газет.

«На мой погляд, заканадаўства ў сферы СМІ неабходна мяняць у найбліжэйшай будучыні. Арганізацыя, якую я прадстаўляю гатовая прадставіць любую дапамогу беларускаму ўраду, неабходную для таго, каб прывесці законы Беларусі ў адпаведнасць з заканадаўствам сучасных дэмакратычных краінаў», — заявіла Дуня Міятавіч.

Акрамя гэтага, прадстаўніца АБСЕ заклікала беларускія ўлады падтрымаць больш слабыя незалежныя СМІ, а таксама стварыць неабходныя ўмовы для стварэння механізмаў самарэгулявання незалежных СМІ, якія не былі б часткай ўрадавых органаў.

Па словах Дуні Міятавіч, дыялог з прадстаўнікамі беларускай улады, сярод якіх былі міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Усевалад Янчэўскі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі, атрымаўся канструктыўным.

Міятавіч дасягнула «прынцыповай згоды» з уладамі Беларусі

«Мяне радуе, што нам удалося дасягнуць прынцыповай згоды ў тым, што неабходна паступова пераглядаць і змяняць заканадаўства ў сферы СМІ ў Беларусі», — падкрэсліла Дуня Міятавіч.

Як высветліў журналіст Тэлеграфа, у цэлым, прадстаўніца АБСЕ ацэньвае свой візіт у Беларусь станоўча. Сам факт таго, што Дуня Міятавіч атрымала адкрытае запрашэнне дзяржавы, прадстаўніца АБСЕ разглядае як выражэнне адкрытай і добрай волі ўрада, пачаткам доўгага працэсу змены заканадаўства аб СМІ ў краіне.

«Для мяне было вельмі карысным прыехаць у краіну і непасрэдна пагутарыць з прадстаўнікамі ўладаў і грамадзянскай супольнасці, каб зрабіць аб’ектыўныя высновы аб тым, што ў краіне ідзе добра, а што — дрэнна. Высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі вельмі адкрыта і канструктыўна абмяркоўвалі са мной досыць складаныя пытанні. Спадзяюся, такім жа чынам мы працягнем дыялог», — сказала Дуня Міятавіч.

Как вам новость?
Головоломки