АБСЕ захапляецца адвагай беларускіх журналістак

10.11.2010 15:50
Архив

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч заявіла ў сваім лісце, адрасаваным беларускім журналісткам Наталлі Радзінай, Ірыне Халіп, Святлане Калінкінай і Марыне Коктыш, аб тым, што падтрымлівае іх. "Я захапляюся вашай адвагай і бясстрашнымі крытычнымі матэрыяламі. Вы сапраўдныя героі свабоднай прэсы", - адзначыла яна.

«Я буду працягваць выкарыстоўваць ўсе паўнамоцтвы і магчымасці, якімі я нададзеная, каб палепшыць умовы працы ўсіх няўрадавых журналістаў Беларусі», — адзначыла яна, перадае сайт Хартыі 97.

Яна таксама паведаміла, што сачыла за лёсамі дадзеных журналістак з часу свайго прызначэння прадстаўніцай АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у траўні 2010 года АБСЕ выказвала занепакоенасць і расчараванне ў сувязі з ціскам на незалежныя СМІ. «Запалохванне журналістаў аказвае жахлівы эфект на журналістыку расследаванняў у Беларусі», — заявіла прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Дуня Міятавіч. У якасці пацверджання сваіх словаў Дуня Міятавіч прывяла прыклад журналістак Марыны Коктыш, Святланы Калінкінай, Ірыны Халіп і Наталлі Радзінай, ціск на якіх, на яе думку, у апошні час «яшчэ больш узмацніўся».