Ад сітуацыі ў Егіпце можа пацярпець беларускі рынак

31.01.2011 12:40
Архив Редакция

Егіпет пры прэзідэнце Хосні Мубараку лідзіраваў сярод краін Афрыкі па таваразвароце з Беларуссю і аб'ёмах імпарту беларускай прадукцыі, з'яўляўся стратэгічным плацдармам для прасоўвання эканамічных інтарэсаў Беларусі на афрыканскім кантыненце. Аднак у сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі ў Егіпце перамовы з Беларуссю адкладзеныя.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, аб’ём экспарту беларускай прадукцыі ў афрыканскія краіны за 2009 год складаў 256,3 млн. даляраў, імпарт — 78,3 млн. даляраў. З гэтага экспарт у Егіпет складаў 66,5 млн. даляраў, імпарт — 13 млн. даляраў, дзяржава лідзіравала сярод дзясяткаў краін Афрыкі, на рынкі якіх Беларусь пастаўляла свае тавары. Акрамя таго, у Егіпце знаходзяцца зборачныя прадпрыемствы МАЗа (Sakr Factory) і МТЗ (MM Group for Industry & International Trade SAE), піша «Заўтра тваёй краіны».

У параўнанні з 2008 годам, калі экспарт беларускіх тавараў у Егіпет дасягнуў 92,6 млн. даляраў, пастаўкі ў гэтую краіну прадукцыі з Беларусі зменшыліся. Аднак у 2009 годзе ўдзельная доля ўдзелу Егіпта ў закупках прадукцыі з Беларусі вырасла ў агульным аб’ёме беларускага экспарту да рэкордных 0,31%.

Егіпецкі рынак быў каштоўнасцю для афіцыйнага Мінску, перш за ўсё, як пляцоўка для збыту прадукцыі ключавых прадпрыемстваў беларускай эканомікі, якія маюць цяжкасці з рэалізацыяй дадатковых аб’ёмаў у краіны СНД. Яшчэ адной прычынай таму паслужыў абмежаваны попыт на прадукцыю такіх прадпрыемстваў на перспектыўных рынках у Еўропе і Паўночнай Амерыцы.

Да прыкладу, Кот д`Івуар і ПАР закуплялі ў Беларусі калійныя ўгнаенні, у той час як Егіпет — прадукцыю машынабудавання. У 2009 годзе больш за ўсё ў Беларусі было закуплена трактароў (25,5 млн. даляраў), запчастак да іх і аўтамабільнай тэхніцы (4,2 млн. даляраў), а таксама паўфабрыкатаў з нелегіраванай сталі (8,4 млн. даляраў). На 2,3 млн. даляраў былі зробленыя закупкі малака і вяршкоў (згушчаных і сухіх), на 1,8 млн. даляраў — сінтэтычных нітак, на 1,1 млн. даляраў — кордных матэрыялаў для шын. Егіпцян таксама цікавілі беларускія рухавікі ўнутранага згарання, помпы і падшыпнікі.

У канцы 2010 года ў Маскве адбылася нарада, падчас якой абмяркоўвалася магчымае стварэнне членамі Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана зоны свабоднага гандлю з Егіптам. Планавалася, што гэта дапаможа павялічыць таваразварот МС і гэтай афрыканскай дзяржавы. Аднак цяпер перамовы па гэтым пытанні адкладзеныя на нявызначаны тэрмін.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 26 студзеня ў Егіпце пачаліся масавыя беспарадкі, выкліканыя пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне, ростам карупцыі, а таксама 30-гадовым знаходжаннем пры ўладзе прэзідэнта Хосні Мубарака.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, тое, што адбываецца не закранула беларускіх грамадзян.

Как вам новость?