Адлічаны студэнт просіць ЕС ўключыць кіраўніцтва ВНУ ў "чорны спіс"

24.02.2011 15:04
Архив Редакция

Актывіст перадвыбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева Уладзімір Кумец 23 лютага накіраваў зварот у кабінет Вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан. Былы студэнт Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытуту (МГЭІ), якога адлічылі з ВНУ напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, просіць ЕС унесці кіраўнікоў універсітэту ў спіс неўязных у краіны Еўрасаюза.

Па словах самога адлічанага студэнта, які ў цяперашні час вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі ў Літве, у лістападзе 2010 года яго незаконна выключылі з пятага курса МГЭІ.

«Я быў адлічаны неўзабаве пасля арганізацыі сходу мясцовых жыхароў па вылучэнні Някляева на Усебеларускі сход. Станоўчая адзнака 9 за іспыт па англійскай мове, пастаўленая ў заліковую кніжку, ва ўніверсітэцкай ведамасці была змененая на 3. Больш за тое, на судовых пасяджэннях аказалася, што адміністрацыя сфальсіфікавала афіцыйную ведамасць яшчэ раз, прад’яўляючы яе суду з ацэнкай 9, як і было першапачаткова. У той жа час універсітэт выступіў з іншым абгрунтаваннем для майго выключэння, а менавіта перавышэнне пропускаў», — распавёў Уладзімір Кумец.

Малады чалавек падаваў скаргі ў міністэрства адукацыі і мінскі раённы суд, аднак, гэта ніяк не змяніла сітуацыю, перадае «Беларускі партызан».

«Прымаючы пад увагу, што рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Сяргей Абламейка быў уключаны ў «чорны спіс», я заклікаў Кэтрын Эштан падняць пытанне і дадаць туды і іншых адказных універсітэцкіх чыноўнікаў, у прыватнасці генеральнага дырэктара МГЭІ Аляксандра Алпеева і старшыню аддзелу кадраў Алену Сталярову, якія кіравалі працэсам адлічэння, падмянялі ведамасці і давалі ілжывыя паказанні на судовым працэсе», — гаворыцца ў звароце студэнта.

Акрамя таго, Уладзімір Кумец звярнуўся да іншых студэнтаў, адлічаных з ВНУ па палітычных матывах, і заклікаў іх накіраваць аналагічныя звароты ў інстанцыі Еўрасаюза.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у «чорны спіс» неўязных у краіны Еўрасаюза, зацверджаны 31 студзеня еўрапейскімі чыноўнікамі, увайшлі 158 чалавек. Сярод іх — не толькі кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і шэраг чыноўнікаў, якія займаюць вышэйшыя кіруючыя пасады ў Беларусі, але і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка.

Как вам новость?