Адміністрацыя Лукашэнкі: exit-poll INSIDE — усяго толькі дыпломная праца

27.12.2010 10:54
Архив Редакция

Першы намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Аляксей Гусеў заявіў, што exit-poll, які праводзіла на прэзідэнцкіх выбарах Беларусі расійская кампанія INSIDE, з'яўляецца дыпломнай працай аднаго з супрацоўнікаў арганізацыі. Разам з тым, exit-poll дадзенай кампаніі паказаў, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 38,1% беларусаў.

«У выніку разгляду мы высветлілі, што ўзначальвае дадзеную арганізацыю нейкі спадар Панамароў. Тады, калі мы звязаліся, то атрымалі інфармацыю, што апублікаваныя вынікі exit-poll з’яўляюцца дыпломнай працай аднаго з іх супрацоўнікаў», — цытуе Аляксея Гусева ІА REX.

Праца агенцтва на беларускіх выбарах выклікала насцярожанасць з боку афіцыйных прадстаўнікоў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

«Ёсць інфармацыя, што некаторыя арганізацыі, якія не маюць ліцэнзіі і якіх ніхто не бачыў на выбарчых участках, рыхтуюцца апублікаваць вынікі сваіх апытанняў. Насцярожвае, што нейкая незалежная расійская арганізацыя INSIDE таксама нібыта мае намер апублікаваць нейкія звесткі па апытанні выбаршчыкаў», — заявіў 19 снежня сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Разам з тым, прэс-службы альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты неаднаразова спасылаліся на дадзеныя INSIDE. Паводле дадзеных кампаніі, на цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў толькі 38,1%, Уладзімір Някляеў — 11,7%, Андрэй Саннікаў — 11,6%, Яраслаў Раманчук — 9,9%, Мікалай Статкевіч — 3,8%, Рыгор Кастусёў — 2,4%, Аляксей Міхалевіч — 1,8%, Віталь Рымашэўскі — 1,1%, Віктар Цярэшчанка — 0,7%, Дзмітры Ус — 0,5%.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 20 снежня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына аб’явіла папярэднія вынікі галасавання на выбарах прэзідэнта. Паводле дадзеных ЦВК, за перавыбранне Аляксандра Лукашэнкі на чацверты тэрмін прагаласавала 79,67% выбаршчыкаў. За Андрэя Саннікава аддалі свае галасы 2,56% беларусаў, па 1,97% галасоў набралі Яраслаў Раманчук і Рыгор Кастусёў. За Уладзіміра Някляева свае галасы аддалі 1,77% беларусаў, за Аляксея Міхалевіча — 1,2%, за Віталя Рымашэўскага — 1,1%, за Віктара Цярэшчанку — 1,08%, за Мікалая Статкевіча — 1,04%. Менш за ўсё галасоў — 0,48% — набраў Дзмітры Ус.

Как вам новость?
Головоломки