Адміністрацыя Лукашэнкі прапаноўвае падвоіць ВУП у будучай пяцігодцы

30.08.2010 09:07
Архив Редакция

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Анфімаў прапанаваў паставіць на будучае пяцігоддзе задачу па падваенні ВУП, а не на ўзроўні 162% -168%, як запланавана праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. "Менавіта тады мы зможам" надаць краіне новае аблічча", — лічыць Леанід Анфімаў, распавялі ў прэс-службе беларускага лідара.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі заявіў, што Адміністрацыя прэзідэнта лічыць, што ў цэлым распрацаваныя праекты найважнейшых дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011 год і на будучае пяцігоддзе неабходна падтрымаць, але ёсць шэраг пазіцый, якія патрабуюць дапрацоўкі. Пра гэта ён казаў 27 жніўня падчас дакладу ўрада і галоўнага банка краіны аб працы эканомікі і сацыяльна-эканамічным развіцці прэзідэнту.

Леанід Анфімаў таксама звярнуў увагу і на цэлы шэраг праблемаў і недапушчэнняў у цяперашняй працы ўрада і мясцовых органаў улады. Так, урад не бачыць іншых шляхоў вырашэння праблемы адмоўнага сальда з прычыны падаражэння імпартных энерганосьбітаў, акрамя як за кошт продажу стратэгічных аб’ектаў дзяржуласнасці.

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Калі хтосьці думае, што мы закрыем дзіркі, прадаючы дзяржаўную ўласнасць, то гэта абсалютна дарэмна. Ніякай дзяржуласнасці для гэтых мэтаў прадаваць мы не маем намеру. Палітыка ў галіне прыватызацыі застанецца той жа, якой была дагэтуль». У першую чаргу гэта датычыцца буйных суб’ектаў гаспадарання, якія паспяхова працуюць, дадаў прэзідэнт.

Таксама, па словах Леаніда Анфімава, урад да гэтага часу не мае цэласнай мадэлі далейшага развіцця эканомікі Беларусі, не бачыць, якія стратэгічныя задачы неабходна вырашаць.

Акрамя гэтага, ён лічыць, што «мінэканомікі варта было б глыбока ўнікнуць у праблемы на месцах». «Чаму інвестары з асцярогай ідуць асвойваць беларускі рынак? І чаму нашы бізнэсоўцы аддаюць перавагу заняткам гандлем, абыходзячы бокам вытворчасць?», — задаўся пытаннямі намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Па словах Леаніда Анфімава, па-ранейшаму адной з галоўных праблемаў, якая тармозіць паступовае развіццё эканомікі і стрымлівае шырокамаштабнае прыцягненне інвестыцыяў з’яўляецца бюракратызм. На сённяшні дзень большасць інвестыцыйных працэсаў залішне забюракратызаваны. У той жа час Леанід Анфімаў лічыць, што аб’ектыўных прычынаў, якія стрымліваюць інвестыцыйную актыўнасць, у Беларусі няма.

«Па ацэнках інвестараў, наша краіна, наадварот, вельмі прывабная як з геапалітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання. Аднак нярэдка чыноўнікі сваімі дзеяннямі адбіваюць у інвестараў ўсялякае жаданне ісці да нас працаваць. Урадам не створана цэласная сістэма працы з інвестарамі, якая адпавядае інтарэсам дзяржавы», — канстатаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Адміністрацыя прэзідэнта: неабходна спыніць «паляванне на бізнэс»

Акрамя гэтага, Леанід Анфімаў лічыць, што «трэба спыніць паляванне на бізнэс», бо якія б на ўзроўні дзяржавы меры ні прымаліся па павышэнні эфектыўнасці эканомікі, ўдасканаленні заканадаўчай базы, выніку не будзе, пакуль дзелавая актыўнасць будзе пад страхам адказнасці, эканамічнай і крымінальнай, за прынятыя рашэнні.

Як негатыўны факт у працы ўрада была адзначана тэндэнцыя «спіхваць» прычыны эканамічных праблемаў на недапрацоўкі мясцовай улады. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў краіне за эканоміку ў цэлым адказвае менавіта ўрад і прэм’ер-міністр не мае права падзяляць арганізацыі на «свае» (рэспубліканскай формы ўласнасці) і «чужыя» (камунальнай).

Падводзячы вынікі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мы дамовіліся па дакументах на наступны год. Наперадзе — Усебеларускі народны сход. Мы яшчэ абмяркуем гэтыя пытанні. Уносьце дакументы, дашліфоўвайце з улікам таго, што я сказаў, уносьце ў парламент».

«Ураду трэба закасаць рукавы і ісці ўніз, на прадпрыемствы, і шчасця шукаць там, — дадаў беларускі лідар. — Пакуль жа члены ўрада ў большасці сваёй канкрэтнымі пытаннямі прадпрыемстваў не займаюцца».

«Валаўтваральныя прадпрыемствы — гэта добра. Але ёсць і сярэднія, і малыя гарады. Вось туды трэба ісці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў забяспечыць рэнтабельнасць вырабленай прадукцыі на ўзроўні не менш за 25% пры адначасовым росце вытворчасці.

«Я пільна, прынцыпова назіраю за ўсімі. Не толькі за членамі ўрада, але і нават за сродкамі масавай інфармацыі. Пачынайце варушыцца, ад журналіста да прэм’ер-міністра, старшыні Нацбанку і ўсіх вышэйшых службовых асобаў. Кожны ведае, што рабіць. Усе вопытныя людзі. Прыносьце краіне карысць. І не трэба пад венік хавацца. Працуйце смела. Не ведаеце як — спытайце. Не дапускайце толькі галавацяпства. Працуйце шчыра, не бярыце чужога, не крадзіце, працуйце на сумленне. Большага сёння ад вас і не патрабуецца», — падсумаваў беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки