Адміністрацыя Лукашэнкі: свабоду ў байнэта ніхто не адбірае

03.06.2010 10:31
Архив Редакция

Вядучы спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Аляксей Васількоў заявіў, што апошнія заканадаўчыя акты аб рэгуляванні інтэрнэту не ставяць за мэту абмежаваць свабоду ў Сеціве. "Байнэт — гэта тэрыторыя свабоды. Але ніхто ў вас гэтую свабоду не адбірае", — падкрэсліў прадстаўнік ІАЦ.

Назваўшы асцярогі інтэрнэт-супольнасці з нагоды ўказу № 60 і апошніх пастаноў урада «зразумелымі», спецыяліст заклікаў яе да дыялогу па дадзеным пытанні, перадае БелаПАН. У цэлым жа, на думку прадстаўніка ІАЦ, «Байнэт адкрыта не гатовы да таго, каб прыняць ўладу».

Разам з тым, падкрэсліў Аляксей Васількоў, «нейкіх рэвалюцый, выкарыстання інтэрнэту для нейкіх нядобрыя мэтаў», насуперак сцвярджэнням апанентаў улады, у Адміністрацыі прэзідэнта не баяцца. «І ўвогуле выкарыстанне інтэрнэту для палітычнай мабілізацыі і агрэгіравання нейкіх фінансавых рэсурсаў наўрад ці магчыма», — мяркуе спецыяліст.

Васількоў: дзяржава не мае намеру паўтараць у блогах дзяржтэлебачанне

Пастаўленую ўладамі задачу пашырыць сваю прысутнасць у інтэрнэце прадстаўнік ІАЦ назваў «стратэгічнай». «Трэба прысутнічаць, і не дзеля нейкіх тактычных перамог. Хачу сказаць проста, што дзяржава ідзе ў блогі не для таго, каб паўтарыць там яшчэ раз дзяржаўнае тэлебачанне. Гэта абсалютна не так. Мы разумеем, што павінны размаўляць па вашых каналах на вашай мове», — звярнуўся Аляксей Васількоў да ўдзельнікаў канферэнцыі «Байнэт 2.4».

Па словах спецыяліста, улады лічаць інтэрнэт-супольнасць «найбольш актыўнай і прагрэсіўнай часткай беларускага грамадства» і хочуць атрымліваць ад яе водгук на свае дзеянні. Мы чакаем вашай рэакцыі, у тым ліку блогасферы. Нам патрэбныя вашыя ініцыятывы і дыялог з інтэрнэт-супольнасцю», — заявіў прадстаўнік ІАЦ пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Как вам новость?