Адміністрацыя прэзідэнта пачала другі этап кантролю працы дзяржорганаў

12.07.2010 10:41
Архив Редакция

12 ліпеня Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі пачала другі этап маніторынгу працы дзяржорганаў па рашэнні найбольш вострых пытанняў грамадзянаў і павышэнні якасці работы з іх зваротамі. Асноўны акцэнт будзе зроблены на непасрэдныя зносіны з насельніцтвам, паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

На працягу тыдня кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей і яго намеснікі выедуць у рэгіёны, дзе без папярэдняга запісу правядуць прыём грамадзянаў. Адначасова галоўныя інспектары па абласцях і Мінску, а таксама кіраўнікі міжведамасных працоўных групаў наўпрост сустрэнуцца з грамадзянамі двух-трох раёнаў кожны і па магчымасці акажуць дапамогу ў вырашэнні праблемаў, паведамляе БелТА.

Для грамадзянаў, якія не змогуць прыйсці ў гэтыя дні ў выканкам, ва ўсіх правяраных раёнах Адміністрацыя прэзідэнта правядзе гарачыя тэлефонныя лініі. Па найбольш вострых фактах плануецца ажыццяўляць праверкі з выездам на месца.

Уладзімір Макей таксама асабіста правядзе гарачую тэлефонную лінію ў Мінску, а ягоны намеснік Валеры Міцкевіч — у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці.

З мэтай атрымання дадатковай інфармацыі ў выканкамах, натарыяльных канторах, ЖЭСах, службах БРТІ, паліклініках, крамах і іншых установах будуць размешчаны скрыні з бланкамі ананімных анкетаў, якія дазваляюць пакінуць паведамленне аб недахопах працы мясцовай улады. Гэта дазволіць амаль удвая павялічыць колькасць раёнаў, ахопленых сустрэчамі з насельніцтвам, і зняць наяўныя бар’еры ў адносінах паміж чыноўнікамі і грамадзянамі, адзначылі ў прэзідэнцкай адміністрацыі.

Дзевяць міжведамасных працоўных групаў працягнуць вывучэнне рэгіянальных праблемаў, якія хвалююць насельніцтва. Яны правераць сферы працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, адукацыі, гандлю, бытавых паслуг і іншыя, перш за ўсё, будаўніцтва жылля і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Дзве спецыяльна створаныя міжведамасныя працоўныя групы працягнуць пільнае вывучэнне працы арганізацыяў сістэмы мінархітэктуры і міністэрства ЖКГ. Кожны кіраўнік дадзеных групаў правядзе асабісты прыём грамадзян.

Усе звароты, што паступяць у ходзе маніторынгу, будуць ўзяты на кантроль і накіраваны з рэзалюцыямі кіраўнікоў міжведамасных працоўных групаў у адпаведныя мясцовыя органы для іх вырашэння. У выпадку выяўлення абуральных фактаў парушэння заканадаўства па працы са зваротамі грамадзян у дачыненні да вінаватых будуць ужыты самыя жорсткія меры.

Кожны пяты зварот у Адміністрацыю прэзідэнта ўтрымлівае нараканні на дзейнасць арганізацыяў ЖКГ. Таксама на 20,4% вырасла колькасць скаргаў па пытаннях будаўніцтва жылля.

Как вам новость?
Головоломки