Мінская міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да адміністратаркі рэстарана «Рускія сезоны», якая за пяць гадоў вывезла ў Ліван і на Кіпр 14 маладых беларусак. Па дадзеных Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС, усе дзяўчаты выкарыстоўваліся c мэтай сэксуальнай эксплуатацыі ў розных установах за мяжой.
Пры гэтым дзяўчат першапачаткова ўводзілі ў зман, абяцаючы выгадную працу ў якасці танцоўшчыц, перадае «Ежедневник».
У дачыненні да адміністратаркі рэстарана распачалі крымінальную справу па прыкметах здзяйснення ёю злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.187 КК Беларусі (незаконныя дзеянні, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, калі ў выніку такіх дзеянняў асобы, працаўладкаваныя за мяжой, падвергнуліся сэксуальнай ці іншай эксплуатацыі не па сваёй волі, здзейсненыя арганізаванай групай). Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне да васьмі гадоў пазбаўлення волі.