Адмоўнае гандлёвае сальда Беларусі дасягнула 3,6 млрд. даляраў

15.10.2010 12:54
Архив Редакция

Аб'ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў Беларусі за восем месяцаў 2010 года склаў 40,2 млрд. даляраў, у тым ліку экспарт — 18,3 млрд. даляраў, імпарт — 21,9 млрд. даляраў. Пры гэтым адмоўнае гандлёвае сальда дасягнула 3,6 млрд. даляраў, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, у параўнанні са студзенем-жніўнем 2009 года з разліку ў фактычных цэнах аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі павялічыўся на 17,7%, экспарт — на 19,3%, імпарт — на 16,3%.

Пры гэтым аб’ём знешняга гандлю таварамі склаў 35,8 млрд. даляраў, у тым ліку экспарт — 15,4 млрд. даляраў (на 17,6% больш, чым у 2009 годзе), імпарт — 20,4 млрд. (на 15% больш).

У студзені-жніўні 2010 года назіралася павелічэнне вартасных аб’ёмаў знешнегандлёвых аперацый. Як паведамілі ў Белстаце, гэта абумоўлена пераважна павышэннем сярэдніх коштаў на экспартаваныя і імпартаваныя тавары. У параўнанні з 2009 годам сярэднія кошты экспарту павялічыліся на 19%, імпарту — на 12,6%. За кошт гэтага адбыўся прырост вартаснага аб’ёму імпарту тавараў і ўвесь прырост экспарту на 85,8%. Пры гэтым фізічны аб’ём экспарту паменшыўся на 1,2%, імпарту — павялічыўся на 2,1%.

У выніку адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі перавысіла 5 млрд. даляраў. За студзень-жнівень 2009 года велічыня адмоўнага сальда складала 4,6 млрд. даляраў.

Белстат: крыніцы адмоўнага сальда — энерганосьбіты і сыравіна

Асноўнай крыніцай фармавання адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі з’яўляюцца экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя), паведамілі ў Белстаце.

За восем месяцаў 2010 года ў Беларусь завезлі прамежкавых тавараў на суму 15 млрд. даляраў, або на 16,5% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Экспарт склаў 9,7 млрд. даляраў, што на 5,7% больш, чым у 2009 годзе.

Адмоўнае сальда знешняга гандлю прамежкавымі таварамі павялічылася з 3,7 млрд. даляраў у студзені-жніўні 2009 года да 5,4 млрд. даляраў у 2010 годзе.

Белстат: экспарт энерганосьбітаў паменшыўся на 22%

Пры гэтым на энерганосьбіты прыпадае 38,7% вартаснага аб’ёму экспарту і 45,3% імпарту прамежкавых тавараў.

У 2010 годзе на знешні рынак іх пастаўлена на суму 3,7 млрд. даляраў, што на 22% менш, чым за студзень-жнівень 2009 года. Імпарт энергетычных тавараў склаў 6,8 млрд. даляраў, што на 2,4% менш паказчыкаў 2009 года.

Адмоўнае сальда знешняга гандлю энерганосьбітамі дасягнула 3 млрд. даляраў. У студзені-жніўні 2009 года велічыня адмоўнага сальда складала 2,1 млрд. даляраў.

Белстат: дадатнае сальда гандлю харчаваннем амаль дасягнула мільярда даляраў

Сальда знешняга гандлю спажывецкімі таварамі склалася дадатным у памеры 184,1 млн. даляраў. У студзені-жніўні 2009 года яно мела адмоўнае значэнне і складала 229,7 млн. даляраў.

Як растлумачылі ў Белстаце, такі вынік атрыманы за кошт тавараў харчовай групы. Дадатнае сальда па гэтай групе склала 997 млн. даляраў і павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года ў 2,6 раза.

Павелічэнне экспарту прадуктаў харчавання адбылося ў выніку росту вартасных аб’ёмаў паставак малака і вяршкоў згушчаных і сухіх (на 177,7 млн. даляраў), сыроў і тварагу (на 119,8 млн. даляраў), цукру белага (на 117,4 млн. даляраў), ялавічыны (на 61 млн. даляраў), масла (на 56 млн. даляраў), малака і вяршкоў нязгушчаныя (на 36,6 млн. даляраў).

Как вам новость?
Головоломки