Адмоўнае сальда знешняга гандлю перавысіла два мільярды даляраў

01.06.2010 15:32
Архив Редакция

За першыя чатыры месяцы цяперашняга года ў Беларусі сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўным і ўяўляе 2,06 млрд. даляраў, што на 566,4 млн. даляраў менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі.

Па інфармацыі Белстата, у цэлым абарот знешняга гандлю таварамі ў студзені-красавіку гэтага года склаў 16,54 млрд. даляраў (119,8% да аналагічнага перыяду мінулага года), павялічыўшыся на 2,73 млрд. даляраў. Экспарт знешняга гандлю таварамі склаў 7,24 млрд. даляраў (5,59 млрд. даляраў у студзені-красавіку 2009 года), імпарт — 9,3 млрд. даляраў (супраць 8,2 млрд. даляраў).

Паводле статыстыкі, у Беларусі сальда знешняга гандлю таварамі з краінамі Мытнага саюза ў студзені-красавіку 2010 года таксама сталася адмоўным і склала 2,26 млрд. даляраў (на 570 млн. менш чым за пазначаны перыяд мінулага года). Экспарт склаў 2,96 млрд. даляраў (або 151,9% да аналагічнага перыяду мінулага года), імпарт — 5,22 млрд. даляраў (109,3% да студзеня-красавіка 2009 года).

Па дадзеных Белстата, за першыя чатыры месяцы гэтага года сальда знешняга гандлю таварамі з Расіяй склалася адмоўным у памеры 2,37 млрд. даляраў (на 513,3 млн. менш чым за студзень-красавік 2009 года). Сальда знешняга гандлю таварамі з Казахстанам, наадварот, склалася дадатным і ўяўляе 116,3 млн. даляраў, павялічыўшыся на 56,8 млн. даляраў у параўнанні са студзенем-красавіком мінулага году.

Как вам новость?
Головоломки