АДС просяць ЕС не абмяркоўваць санкцыі да заканчэння выбараў у Беларусі

08.09.2010 12:31
Архив Редакция

Некаторыя лідары беларускай апазіцыі звярнуліся да міністраў замежных спраў краін-членаў Еўрапейскага Саюза з нагоды візавых санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, пытанне аб адмене якіх будзе абмяркоўвацца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў кастрычніку 2010 года. У сваім звароце апазіцыйныя лідары просяць не разглядаць дадзенае пытанне да заканчэння выбараў.

«Мы прапануем кіраўнікам знешнепалітычных ведамстваў краін членаў Еўрапейскага Саюза адкласці рашэнне пытання аб санкцыях да завяршэння прэзідэнцкай кампаніі з улікам яе адпаведнасці стандартам АБСЕ, а таксама прагрэсу па кожным з пяці крытэраў, вызначаных ЕС у рамках дыялогу з Беларуссю», — заявілі прадстаўнікі апазіцыі, паведамляе сайт АДС.

Яны адзначылі, што ўсе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ў сваіх заявах адзначаюць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і свабодай слова ў Беларусі, а ПАРЕ прыняла рашэнне не ажыццяўляць кантакты з уладамі Беларусі на высокім узроўні.

Па словах палітыкаў, у Беларусі цалкам адсутнічае які-колечы прагрэс па ўсіх пяці крытэрах, вызначаных Еўрасаюзам у рамках дыялогу з Беларуссю. У краіне па-ранейшаму застаюцца палітвязні (Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Бандарэнка, Уладзімір Асіпенка), працягваецца ціск на незалежныя СМІ. За пяць гадоў ўдвая скарацілася колькасць незалежных грамадска-палітычных выданняў, 19 газет не могуць распаўсюджвацца праз дзяржаўную, манапольную сістэму распаўсюду, 20 журналістаў за сваю прафесійную дзейнасць атрымалі папярэджанні пракуратуры. Акрамя таго ў краіне ўступілі законы, якія ўводзяць цэнзуру ў сетцы інтэрнэт, адзначаюць апазіцыйныя лідары.

У звароце адзначаецца, што «выбарчае заканадаўства па-ранейшаму дае магчымасць для татальных фальсіфікацый вынікаў галасавання», а «ўнесеныя ў Выбарчы кодэкс змены не паляпшаюць сітуацыі альбо ствараюць дадатковыя прэферэнцыі для кандыдатаў ад дзейнай улады».

Па словах апазіцыйных палітыкаў, у краіне сур’ёзна пагоршыліся ўмовы для дзейнасці палітычных партыяў і няўрадавых арганізацый, дзейнічае негалосная забарона на рэгістрацыю новых партый (Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя працоўных, Партыя свабоды і прагрэсу, Беларуская партыя жанчын «Надзея») і рэгіянальных структур ужо зарэгістраваных апазыцыйных партый. Як гаворыцца ў звароце, у Беларусі працягваецца ціск на незалежныя прафсаюзы, пад забаронай знаходзіцца правядзенне мітынгаў, шэсцяў, пікетаў. «У прыватнасці ўсе спробы ў розных рэгіёнах, прынятыя рознымі палітычнымі арганізацыямі, атрымаць дазвол на правядзенне вулічных пікетаў, шэсцяў былі безвыніковымі», — заявілі апазіцыянеры.

Свае подпісы пад зваротам паставілі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, Беларускай партыі жанчын «Надзея» Алена Еськава і старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў.

Дакумент таксама прапанавалі падпісаць лідарам Партыі БНФ Аляксею Янукевічу, Руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу, сустаршыню БХД Віталю Рымашэўскаму, старшыню аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Народная Грамада Мікалаю Статкевічу.

Как вам новость?
Головоломки