АДС склікаюць тэрміновыя кансультацыі па адмове ад удзелу ў выбарах

15.03.2010 14:36
Архив Редакция

Прэзідыум палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі падтрымаў ініцыятыву сустаршыні АДС Анатоля Лябедзькі пра скліканне тэрміновых палітычных кансультацый. Іх прадметам павінна стаць абмеркаванне магчымай адмовы апазіцыйных партый ад далейшага ўдзелу ў мясцовых выбарах у сувязі з малым прадстаўніцтвам АДС у выбаркамах.

«Пасля таго як прадстаўнікі дэмакратычных сіл фактычна не былі ўключаны ні ў акруговыя камісіі, ні ва ўчастковыя, мэтазгоднасць далейшага ўдзелу ў гэтым выбарчым фарсе знаходзіцца пад вялікім пытаннем. Але для таго каб наша рашэнне мела сур’ёзную палітычную вагу, яно павінна быць кансалідаваным. АДС павінны неадкладна прыступіць да палітычных кансультацый з суб’ектамі, якія ўваходзяць у іншыя кааліцыі», — лічыць апазіцыйны палітык.

Як раней паведаміў Тэлеграф, колькасць апазіцыянераў ва ўчастковых выбарчых камісіях па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў склала 0,15% ад агульнай колькасці чальцоў выбаркамаў пры высунутых 912 кандыдатурах.
 
«Аднак у выніку ў склад участковых выбаркамаў уключылі ўсяго 100 чалавек. Сярод іх — 31 прадстаўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», пяцёра — чальцы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), 23 — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 17 — Партыі БНФ, 15 — Руху «За Свабоду» і дзевяць чалавек прадстаўляюць аргкамітэт па стварэнні Беларускай партыі жанчын», — распавялі ў прэс-службе.

У той жа час, па дадзеных АДС, палітычныя партыі, што «падтрымліваюць уладу, такія як Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Аграрная партыя і Камуністычная партыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці атрымалі ва ўчастковых камісіях 1 333 месцы».

Как вам новость?