Адвакатаў пачалі пазбаўляць ліцэнзій за ўдзел у акцыі 19 снежня

05.01.2011 14:47
Архив Редакция

Калегія мінюста 4 студзеня пацвердзіла рашэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі ануляваць адвакацкую ліцэнзію Валянціне Бусько, якая працавала ў Гарадзенскай абласной калегіі. Прычынай для пазбаўлення ліцэнзіі названа «парушэнне дзейнага заканадаўства ўдзелам у несанкцыянаваным мітынгу 19 снежня».

На думку мінюста, дадзеныя дзеянні «пацягнулі масавыя беспарадкі з нанясеннем шкоды дзяржаўным установам».

Адвакат Валянціна Бусько падчас акцыі была затрыманая разам са сваім сынам Яўгенам, пасля яны знаходзіліся пад арыштам у розных камерах адной турмы. Справа жанчыны разглядаў суд Маскоўскага раёна Мінску, які прызнаў яе вінаватай. Адвакат спрабавала абскардзіць рашэнне, аднак беспаспяхова: Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле. Услед за пакараннем у выглядзе адміністрацыйнага арышту Валянціну Бусько пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

Мінюст пагражае прыняць меры ў адносінах да адваката Саннікава

Таксама калегія міністэрства юстыцыі разгледзела дзейнасць іншых адвакатаў, якія абараняюць асобаў, якія прымалі ўдзел у акцыях апазіцыі 19 і 20 снежня. Мінюст лічыць, што тым самым ўдзельнікі мітынгаў «здзяйснялі дзеянні, накіраваныя на арганізацыю масавых беспарадкаў».

У прыватнасці, адвакат мінскай гарадской калегіі Павел Сапелка «дапусціў некарэктныя выказванні на адрас адвакатуры як незалежнага прававога інстытута, падверг сумневам абгрунтаванасць дзеянняў міністэрства юстыцыі як дзяржаўнага ліцэнзуючага органа», заяўляе ведамства.

Прычынай «некарэктных выказванняў» называюць заяву Паўла Сапелкі аб «прэсінгу з боку дзяржавы на дзейнасць дзяржаўных адвакатаў», якое з’явілася ў беларускіх СМІ.

У сувязі з гэтым мінюст прапануе мінскай гарадской калегіі адвакатаў вырашыць пытанне аб «мэтазгоднасці знаходжання» юрыста ў складзе прэзідыума дадзенай арганізацыі, а таксама прыцягвае Паўла Сапелку да дысцыплінарнай адказнасці.

«Іншыя адвакаты папярэджаныя пра больш карэктныя выказванні ў СМІ, якія не даюць падставы да скажэння рэальных фактаў і атрыманай інфармацыі», — заяўляе мінюст.

Как вам новость?
Головоломки