Адваката Саннікава, Севярынца і Дашкевіча пазбавілі ліцэнзіі

04.03.2011 12:33
Архив Редакция

Паўла Сапелку, які абараняе інтарэсы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, сустаршыні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца і лідара "Маладога Фронту" Змітра Дашкевіча, прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў 3 сакавіка па прадстаўленні міністэрства юстыцыі Беларусі выключыў са свайго складу. «Гэтае рашэнне азначае, што я перастаю быць адвакатам», - растлумачыў юрыст.

Паколькі па законе аб адвакатуры адвакацкая практыка можа ажыццяўляцца толькі ў складзе калегіі, падабаронныя Паўла Сапелкі павінны заключыць дамову аб юрыдычнай дапамогі з іншымі адвакатамі альбо скарыстацца паслугамі дзяржаўнага абаронцы, перадае БелаПАН.

Цяпер ужо былы адвакат пакуль не вырашыў, ці будзе абскарджваць дадзенае рашэнне. «Я зараз думаю: а ці трэба гэта рабіць? Калі б мяне адвакацкай ліцэнзіі пазбавіў мінюст, я б гэта абавязкова абскардзіў. Але калі рашэнне прынялі калегі, то ў мяне мала жадання яго абскарджваць », — адзначыў Павел Сапелка.

Як паведамляў Тэлеграф, раней мінюст заяўляў, што Павал Сапелка «дапусціў некарэктныя выказванні на адрас адвакатуры як незалежнага прававога інстытуту, падверг сумневам абгрунтаванасць дзеянняў міністэрства юстыцыі як дзяржаўнага ліцэнзуючага органа». Прычынай «некарэктных выказванняў» называлася заява Паўла Сапелкі аб «прэсінгу з боку дзяржавы на дзейнасць дзяржаўных адвакатаў».