Адвакаты і сваякі фігурантаў "справы 19 снежня" абвяргаюць пракуратуру

26.01.2011 09:04
Архив Редакция

Адвакаты і сваякі грамадзян, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, абвяргаюць інфармацыю Генпракуратуры Беларусі, згодна з якой да затрыманых і людзей, што знаходзяцца ў СІЗА ва ўстаноўленым парадку забяспечваецца доступ адвакатаў і сваякоў, а таксама арганізавана атрыманне пасылак, грашовых перакладаў і лістоў. Многія адвакаты сцвярджаюць, што не бачылі сваіх падабаронных з канца снежня. 

Так, адвакат экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка заявіла, што сёння, 25 студзеня, зноў была ў СІЗА КДБ, спрабуючы ў чарговы раз сустрэцца са сваім падабаронным.

«З раніцы я была трэцяй у чарзе, пасля абеду — першай. Аднак перада мной праходзяць іншыя адвакаты, не звязаныя з крымінальнай справай аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня мінулага года. Наколькі я ведаю, аналагічная сітуацыя і ў іншых адвакатаў», — цытуе юрыста БелаПАН.

Адвакатка падкрэсліла, што не раз звярталася да начальніка следчага ізалятара і органаў папярэдняга расследавання з просьбай аб сустрэчы са сваім падабаронным, але беспаспяхова. «Я не бачыла Някляева з 29 снежня мінулага года», — заявіла Тамара Сідарэнка.

У сваю чаргу адвакатка былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Тацяна Станкевіч у чарговы раз спрабавала сустрэцца са сваім падабаронным 24 студзеня. «Я паўдні правяла ў КДБ, але ў выніку да Статкевіча так і не патрапіла, — паведаміла юрыстка. — Калі пракуратура заяўляе, што доступ адвакатаў да падабаронных вольны, то гэта, напэўна, не ў маім выпадку». Свайго падабароннага адвакатка таксама бачыла ў апошні раз 29 снежня 2010 года.

Абвяргаюць заявы Генпракуратуры і сваякі абвінавачаных

Як распавёў Уладзімір Халіп, які з’яўляецца бацькам журналісткі і жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп, апошні раз адвакат бачыў яго дачку ў мінулым годзе. «Няма ніякіх звестак ні з нашага боку, ні ад Ірыны, ні ад адвакатаў. Мы ўвесь час знаходзімся ў кантакце з адвакатам, ён у апошні раз Ірыну бачыў 29 снежня», — сцвярджае Уладзімір Халіп.

У сваю чаргу Вольга Бандарэнка, жонка даверанай асобы Саннікава Змітра Бандарэнкт, адзначыла, што ні аб якой сустрэчы з мужам «гаворкі не ідзе». «Я не магу нават забраць у яго брудную бялізну для мыцця. Я кожны раз, калі прыношу перадачы, запісваюся на тое, каб забраць памыць яго рэчы. Але нават брудных рэчаў мне не аддаюць, не кажучы ўжо пра якія-небудзь сустрэчы», — заявіла Вольга Бандарэнка.

Паводле яе слоў, апошні раз адвакат наведваў яе мужа таксама 29 снежня мінулага года.

Как вам новость?