Афіцыйныя вынікі мясцовых выбараў ЦВК абвесціць 30 красавіка

28.04.2010 09:25
Архив Редакция

Афіцыйныя вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га склікання будуць абвешчаны 30 красавіка ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. "У наш час пратаколы аб выніках выбараў па выбарчых акругах перададзены ўчастковымі камісіямі ў тэрытарыяльныя выбаркамы", — сказаў ён.

Па словах Мікалая Лазавіка, у тэрытарыяльных выбаркамах працягваецца апрацоўка атрыманай інфармацыі і адбываецца рэгістрацыя абраных кандыдатаў у дэпутаты. «Тут жа на працягу трох дзён пасля выбараў разглядаюць паступіўшыя скаргі і заявы аб парушэннях, правяраюць, ці маглі яны паўплываць на вынікі выбараў», — адзначыў сакратар Цэнтравыбаркаму, перадае БелТА.

Мікалай Лазавік нагадаў, што паводле выбарчага заканадаўства, не пазней чым на пяты дзень пасля выбараў тэрытарыяльныя камісіі павінны паведаміць імёны народных абраннікаў з указаннем пасады, месца працы і жыхарствы, партыйнасці і акругі, ад якой ён абраны.

«Абвяшчэнню падлягаюць звесткі пра колькасць грамадзян, занесеных у спісы выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, якія прагаласавалі за кандыдата або супраць, а таксама інфармацыя пра колькасць бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі», — распавёў Мікалай Лазавік.

Лазавік: упершыню ўся інфармацыя прыходзіла ў Цэнтравыбаркам па электроннай пошце

Сакратар Цэнтравыбаркама адзначыў, што ўпершыню падчас гэтых выбараў уся статыстычная інфармацыя прыходзіла ў Цэнтравыбаркам па электроннай пошце. «Адразу пасля атрымання звестак іх уключалі ў загадзя падрыхтаваную табліцу, і з дапамогай кампутара адбывалася аўтаматычнае падсумаванне лічбаў з імгненнай выдачай выніку», — растлумачыў Мікалай Лазавік.

Прадстаўнік ЦВК дадаў, што такая сістэма працавала толькі для падліку статыстычных звестак: яўкі, колькасці тых, хто прагаласаваў датэрмінова, на даму, уключаных у дадатковыя спісы. «Па аналагічнай схеме перадаваліся дадзеныя ў абласныя і раённыя камісіі», — расказаў Мікалай Лазавік.

Па словах сакратара ЦВК, ужыванне кампутарных тэхналогій значна спрасціла і паскорыла працу Цэнтравыбаркама. «Хуткасць дастаўкі і абарона матэрыялаў ад несанкцыянаванага доступу забяспечваў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце», — адзначыў Мікалай Лазавік.

Как вам новость?
Головоломки