АГП крытыкуе ўрадавыя планы па ўвядзенні манаполіі на імпарт

25.05.2011 09:29
Архив Редакция

Аб'яднаная грамадзянская партыя жорстка раскрытыкавала планы ўрада Беларусі ўвесці дзяржаўную манаполію на імпарт тавараў. У заяве палітрады партыі ад 24 траўня адзначаецца, што абмежаванне імпарту "прымітыўнымі адміністрацыйнымі метадамі" груба парушае эканамічныя правы, замацаваныя ў Канстытуцыі Беларусі, і супярэчыць сучаснай эканамічнай навуцы.

Як паведамілі ў партыі, члены АГП лічаць, што ў беларускага ўрада няма выразнай структураванай праграмы па выхадзе з фінансавага і эканамічнага крызісу. Больш за тое, у АГП канстатуюць прыхільнасць дзейнай улады старым метадам кіравання эканомікай, якія заснаваныя на «грэбаванні прыватнай уласнасцю, эканамічнай свабодай і эканамічнай навукай».

У сувязі з гэтым палітрада АГП патрабуе ад уладаў адмовіцца ад планаў па ўвядзенні дзяржаўнай манаполіі на імпарт. На думку экспертаў партыі, падобныя меры пагоршаць і без таго крытычны стан эканомікі і выклічуць яшчэ большы рост коштаў ва ўмовах адсутнасці свабоднай канкурэнцыі імпарцёраў.

«Рэспубліка Беларусь з’яўляецца малой адкрытай эканомікай, і любыя спробы абмежавання імпарту аб’ектыўна прывядуць да падзення занятасці, масавага беспрацоўя і банкруцтва беларускага нацыянальнага бізнэсу», — гаворыцца ў заяве палітрады партыі.

У выпадку ўвядзення дзяржманаполіі эксперты АГП прагназуюць дэфіцыт імпартных тавараў і іх замену дарогай і няякаснай прадукцыяй, абароненай манапольным правам, а таксама рост карупцыі сярод імпарцёраў.

Каб пазбегнуць гэтых негатыўных з’яваў палітрада АГП настойвае на правядзенні тэрміновых глыбокіх эканамічных рэформаў і прапануе ўраду ў самы кароткі тэрмін падтрымаць і пачаць рэалізоўваць Антыкрызісную Праграму Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якую распрацаваў экспертны савет АГП сумесна з незалежнымі спецыялістамі.

Как вам новость?
Головоломки