Акадэмія навук хоча менш залежаць ад дзяржбюджэту

10.06.2011 14:43
Архив Редакция

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАН) мае намер больш актыўна выкарыстоўваць пазабюджэтныя крыніцы фінансавання — гаспадарчыя дамовы і распрацоўкі на экспарт. Галоўны вучоны сакратар НАН Сяргей Чыжык растлумачыў, што ва ўмовах крызісу Акадэмія навук вымушана карэктаваць падыход да ўласнай дзейнасці.

Сяргей Чыжык таксама адзначыў, што шмат надзей НАН ускладае на Дырэктыву № 4, перадае БелТА.

«Павінны з’явіцца нашы ўнутраныя прадпрыемствы, якія змогуць ўнесці прыкметны ўклад у асваенне прадукцыі, якая часам не ўяўляе вялікай цікавасці для маштабнай вытворчасці, але ў рамках малых прадпрыемстваў можа быць вельмі выгоднай», — растлумачыў Сяргей Чыжык.

У сваю чаргу старшыня прэзідыума НАН Анатоль Русецкі адзначыў, што спецыялісты акадэміі актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы асноўных рашэнняў у краіне (праграмы экспарту, дзяржаўнай інавацыйнай праграмы).

«Мы пішам аналітычныя даклады, прапановы і ўносім іх у тым ліку ва ўрад. Задача Нацыянальнай акадэміі навук — не з боку ўдзельнічаць у працэсе, а быць у працэсе», — падкрэсліў Анатоль Русецкі.

На думку кіраўніка НАН, кожны беларус павінен усвядоміць, што ён таксама актыўна ўплывае на сітуацыю ў краіне. «Таму што, калі мы прыходзім у краму, бачым, напрыклад, дзве пральныя машыны «Атлант» і Samsung і купляем Samsung — мы галасуем супраць Беларусі. Патрыятызм мае на ўвазе, каб людзі куплялі ў тым ліку айчынныя тавары», — падкрэсліў Анатоль Русецкі.

Как вам новость?