Актывіст каманды Саннікава папрасіў сабе дзесяць гадоў турмы

05.05.2011 13:25
Архив Редакция

У Кастрычніцкім судзе Мінску 5 траўня працягнуўся працэс над актывістамі апазіцыі Паўлам Вінаградавым, Аляксеем Кіркевічам, Андрэем Пратасенем, Уладзімірам Хамічэнкам, а таксама над актывістам каманды экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, гісторыкам Дзмітрыем Драздом. Апошні, выступаючы з заключным словам, папрасіў сабе восем-дзесяць гадоў турмы.

За ўдзел у «масавых беспарадках» пракурор папрасіў асудзіць гісторыка да 3,5 гадоў пазбаўлення волі, перадае «n#####n».

Аднак Дзмітры Дрозд у сваім апошнім слове сказаў перад судом: «успрымаю сваё апошняе слова як сапраўды апошняе. Усе свае 40 гадоў я не рыхтаваўся да турмы, абыходзіў блатныя кампаніі. Для мяне як гісторыка тое, што я назіраю — як падарунак лёсу. На машыне часу мы перанесліся ў 1938 год. Я апынуўся ў клетцы за тое, што я люблю Беларусь…»

У гэты час суддзя яго перабіла і заклікала казаць аб матэрыялах справы. Дзмітры Дрозд заявіў, што сем гадоў жыў у Расіі, у яго была добрая праца, у яго была кватэра ў цэнтры Масквы, але ён хацеў зрабіць нешта большае. Вярнуўся ў Беларусь, таму што любіў сваю краіну. «Выбары былі сфальсіфікаваныя», — спакойна і ўпэўнена паўтараў актывіст. Суддзя маўчала.

«У нас, тых, хто выйшаў на Плошчу, была нагода гэта зрабіць, — працягнуў ён. — Ніхто не планаваў экстрэмісцкіх дзеянняў. Інакш бы я браў штык-нож, а не мегафон. Следчы адразу сказаў мне — не прызнаеш віну, атрымаеш тры з паловай гады; прызнаеш — тры гады… За тры ўдару па дошцы тры гады пазбаўлення волі — гэта нармальна? Людзі былі настроеныя мірна, пакуль іх не сталі біць дубінкамі. Я разумею, чаму абвінаваўца не хоча глядзець гэтае відэа. Толькі ў нас у краіне белае называюць чорным, а чорнае — белым. Нездарма БТ называюць «Гебельс-ТВ» (прыводзіцца аналогія з нацысцкай Германіяй і яе палітычным дзеячам-прапагандыстам Паўлем Ёзэфам Гебельсам — Тэлеграф). Нельга сітуацыю ў нашай краіне ўспрымаць нармальнай. Я не бачу ні аднаго пункта закона, які я парушыў».

Па словах актывіста каманды Андрэя Саннікава, ён падышоў да дзвярэй апошнім, калі ўжо бег спецназ. «Сваё пакаранне я атрымаў ад спецназаўцаў, не адыходзячы ад месца — па галаве і па спіне. Я адбыў 10 сутак адміністрацыйнага пакарання ў Жодзіне. Цяпер я сяджу чацверты месяц у СІЗА. Мяне лічаць злосным злачынцам, які ўцячэ з краіны», — сказаў Дзмітры Дрозд.

«Я не экстрэміст, а чалавек, які любіць сваю краіну. Я прашу даць мне восем, дзесяць гадоў, але каб я мог быць дома і рэалізоўваць свае творчыя планы» — рэзюмаваў Дзмітры Дрозд.

Прысуд пецярым актывістам суд павінен вынесці 5 траўня ў 17:00.

Как вам новость?
Головоломки