Актывіст з Вілейкі стаў чарговым падазраваным па "справе 19 снежня"

21.06.2011 12:57
Архив

Праваахоўныя органы затрымалі чарговага падазраванага па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Актывіста з Вілейкі Святаслава Барановіча, якога падазраюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту, яшчэ 15 чэрвеня змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску.

Новаму падазраванаму, згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, павінны прад’явіць абвінавачанні не пазней за 22 чэрвеня. Па наяўнай інфармацыі, актывіста хочуць абвінаваціць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі), што пагражае пазбаўленнем волі на тэрмін да васьмі гадоў, паведамляе Радыё «Рацыя».

Як патлумачыла супрацоўніца праваабарончага цэнтра «Вясна» Настасся Лойка, «справа 19 снежня» было падоўжанае. На дадзены момант яшчэ ёсць сем абвінавачаных, якія па-ранейшаму знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе, а таксама двое фігурантаў справы знаходзяцца ў вышуку.

Як перадаваў Тэлеграф, на дадзены момант па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, якая была заведзена пасля акцыі апазіцыі 19 снежня ў Мінску, ужо асудзілі 41 чалавека. З іх як арганізатараў беспарадкаў судзілі чацвярых: былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, а таксама экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава, Дзмітрыя Уса і Мікалая Статкевіча. Усяго ў крымінальнай справе фігуруюць шасцёра былых кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераныя асобы і члены выбарчых штабоў, журналісты, моладзевыя актывісты і простыя грамадзяне.