Актывістку "Еўрапейскай Беларусі" адлічылі з ВНУ "за палітычныя перакананні"

21.06.2011 10:37
Архив

Ірыну Пятрову, актывістку грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", якую ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, адлічылі з трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Па сцвярджэнні дзяўчыны, выкладчыкі зрабілі ўсё, каб яна не здала залік праз яе актыўную палітычную дзейнасці ў апазіцыі.

Дзяўчыне, якая вучылася на завочным аддзяленні, не ўдалося здаць залік па лыжным спорце, паведамілі ў прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі».

«Яшчэ калі мы ўсёй групай яго здавалі, усе заўважылі асаблівае стаўленне да мяне з боку выкладчыкаў і дзівіліся, чаму ўсе здалі, а я адна не. І залік праходзіў вельмі цікава: ва ўсіх прасілі толькі паказаць адзін класічны лыжны ход і ставілі «залік» за гэта. Да мяне ж былі абсалютна іншыя патрабаванні. У выніку мяне адправілі здаваць залік на камісію», — распавяла былая студэнтка БДПУ.

На камісіі дзяўчыне таксама паставілі «незалік». «Калі пра гэта даведаліся мае аднагрупнікі і некаторыя выкладчыкі, яны не маглі паверыць: наш універсітэт заўсёды славіўся тым, што цягне студэнтаў да апошняга, дае па пяць разоў камісію здаваць, заўсёды падцягвае студэнта», — адзначыла Ірына Пятрова.

«У выніку я сказала, што я ўпэўненая, што мяне выганяюць праз мае палітычныя перакананні і актыўныя апазіцыйныя дзеянні. Члены камісіі апусцілі вочы і амаль нічога не адказвалі. Пра маю палітычную дзейнасць, аказваецца, яны былі добра дасведчаныя і не хавалі гэтага» — патлумачыла адлічэнні студэнтка.