Альтэрнатыўныя кандыдаты адмовіліся здымацца з выбараў

10.12.2010 11:16
Архив Редакция

У офісе незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» 9 снежня адбылася сустрэча альтэрнатыўных дзейнага кіраўніка дзяржавы кандыдатаў у прэзідэнты. Прапанова аб зняцці сваіх кандыдатур, агучаную раней лідарам грамадзянскай кампаніі Уладзімірам Някляевым, кандыдаты не падтрымалі, паведаміла прэс-сакратарка палітыка Юлія Рымашэўская.

Удзел у сустрэчы прынялі Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Віктар Цярэшчанка, Дзмітры Ус і давераныя асобы Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Яраслава Раманчука, Андрэя Саннікава. Па словах Юліі Рымашэўскай, амаль усе яны пагадзіліся каардынаваць свае дзеянні на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня, перадае «n#####n».

«Незразумелую пазіцыю заняў толькі штаб Алеся Міхалевіча. Яго прадстаўнік не выступіў супраць каардынацыі дзеянняў, аднак сам спадар Міхалевіч яшчэ ніяк не выказаўся з гэтай нагоды», — заявіла прэс-сакратарка Уладзіміра Някляева.

Як перадаваў Тэлеграф, Уладзімір Някляеў заклікаў 9 снежня падчас пікету каля Адміністрацыі прэзідэнта ўсіх кандыдатаў зняцца з выбараў. «Я лічу, што нам усім варта цяпер абнуліць рэйтынгі і разам заявіць аб немагчымасці прызнання гэтых выбараў. І разам выйсці на Плошчу 19 снежня, каб запатрабаваць там новых выбараў, ужо без Лукашэнкі», — сказаў ён.

Між тым, пяцёра кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі атрымалі папярэджанні ад Генпракуратуры краіны. У прыватнасці кандыдаты Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук і Віталь Рымашэўскі былі папярэджаныя, што заклікі падчас агітацыі прыйсці на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску 19 снежня ўвечары пасля заканчэння галасавання з’яўляюцца незаконнымі.

Как вам новость?
Головоломки