"Аліварыя" павялічыла экспарт піва ў 92 разы

26.05.2010 15:53
Архив Редакция

Піўзавод "Аліварыя" нарошчвае пастаўкі экспарту ў Расію і вядзе перамовы пра пастаўкі піва ў краіны Балтыі. Як паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Міхаіл Чачанёў, пастаўкі піва на экспарт за чатыры месяцы 2010 года выраслі ў 92 разы.

Па стане на першага траўня прадпрыемства прадало 14 710 дал піва. «Рост экспарту піва звязаны з прызнаннем нашай прадукцыі. Яна запатрабавана ў Расіі. Мы нават не маглі чакаць настолькі павышанага попыту. Больш за тое, яно не проста купляецца, яно п’ецца ахвотна», — цытуе Міхаіла Чачанёва «Завтра твоей страны».
Настолькі істотны рост экспарту піва звязаны і з тым, што ў 2009 годзе пастаўкі былі нязначныя — усяго 160 дал. Тым не менш, колькасць замоваў сапраўды расце. Беларускае піва карыстаецца попытам у расійцаў, нягледзячы на тое, што па кошце яно пераўзыходзіць расійскае, адзначаюць на заводзе.
Пры гэтым кіраўніцтва кампаніі лічыць, што важней за ўсё прызнанне беларускіх спажыўцоў, якія пакуль часцяком аддаюць перавагу імпартнаму піву. 
«Беларусы не прывыклі да таго, што іх могуць улагоджваць сапраўды добрымі прадуктамі, — лічыць намеснік дырэктара па маркетынгу піўзавода «Аліварыя» Надзея Дзешкавец. — Ёсць у іх такая падспудная думка, што ўсё лепшае сыходзіць на экспарт, у іншыя краіны, а для сваіх піва вараць не вельмі добра. Але гэта не так. І на конкурсы, і на экспарт, і на ўнутраны рынак мы пастаўляем адно і тое ж піва».

Как вам новость?