Амбасада Беларусі ў Лівіі: у Трыпалі цяпер спакойна

23.02.2011 15:24
Архив Редакция

Беларускае пасольства ў лівійскай сталіцы Трыпалі працуе ў штатным рэжыме і на дадзены момант займаецца ў асноўным аказаннем дапамогі грамадзянам Беларусі, а таксама эвакуацыяй, паведаміў дарадца дыпведамства Рыгор Грамыка. На яго думку, на дадзены момант сітуацыя ў горадзе дастаткова спакойная і стабільная.

Дыпламат распавёў, што 20 беларусаў ужо эвакуяваны ў Расію на самалёце міністэрства па надзвычайных сітуацыях РФ. Аднак прадстаўнік амбасады не ўдакладніў, чаму беларускіх грамадзян не эвакуявалі адразу дадому, прычынаў эвакуацыі ён таксама не назваў.

«Амбасада працуе ў штатным рэжыме. Працуем з нашымі грамадзянамі. Усім, хто звяртаецца ў пасольства, аказваецца поўнае садзейнічанне. Я толькі што вярнуўся з аэрапорта, частка грамадзян Беларусі ўжо з’ехала. А чаму не адразу ў Беларусь — таму што нам ласкава дапамаглі нашы расійскія калегі. Што тычыцца дапамогі нашым грамадзянам, то тут абсалютнае садзейнічанне аказвае пасольства», — цытуе Рыгора Грамыку беларуская служба Радыё «Свабода».

Дакладнай колькасці беларускіх грамадзян, якія ў дадзены момант знаходзяцца ў Лівіі, дарадца амбасады не называе. «Грамадзяне Беларусі, вядома, застаюцца. Ёсць і жанчыны, якія замужам за лівійскімі грамадзянамі. Некаторыя грамадзяне проста адмовіліся выязджаць. У прынцыпе, на дадзены момант сітуацыя досыць спакойная, стабільная — прынамсі ў Трыпалі. Мы гатовыя аказаць садзейнічанне ўсім, хто звернецца у амбасаду. На дадзены момант усе, хто хацеў атрымаць дапамогу ад беларускай амбасады, яе атрымалі», — запэўнівае ён.

Рыгор Грамыка таксама растлумачыў, чаму ацэньвае сітуацыю ў горадзе, як спакойную, нягледзячы на тое, што тут загінула каля 300 удзельнікаў маніфэстацыяў.

«Я кажу, на дадзены момант. Канкрэтна на дадзены момант сітуацыя ў Трыпалі спакойная. Цяпер няма стрэлаў. У Трыпалі ў цяперашні час сітуацыя спакойная. Я не кажу пра Бенгазі, пра іншыя рэгіёны краіны», — адзначыў ён.

У той жа час, дыпламат не адмаўляе, што знаходзіцца ў Лівіі можа быць небяспечна. «Вы паглядзіце навіны, і там усё зразумела. Вы ведаеце, якая сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы. Таму пытанні пэўныя ёсць. Але што тычыцца задачы, пастаўленай цэнтрам, кіраўніцтвам краіны, амбасада выконвае іх у поўным аб’ёме», — сказаў саветнік прадстаўніцтва.

Ён ухіліўся ад адказу на пытанне, ці падтрымліваюць беларускія дыпламаты кантакты з урадам Лівіі? «Паўтаруся, што ў нас цяпер задача не падтрымліваць кантакты з кім-небудзь, акрамя беларускіх грамадзян. Мы гэтыя задачы выконваем у поўным аб’ёме», — заявіў Рыгор Грамыкі.

Ён адмовіўся даць якую-небудзь ацэнку растрэлу ў Лівіі удзельнікаў выступленняў. «Ацэнку вы можаце атрымаць у прэс-службе МЗС. Усе каментары і інфармацыя ў поўным аб’ёме была перададзены ў МЗС. Таму дадатковую інфармацыю атрымлівайце там», — сказаў дарадца дыпведамства.

Надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Лівіі з’яўляецца Анатоль Стэпусь. Атрымаць інфармацыю пра сваякоў і блізкіх, якія знаходзяцца ў цяпер у гэтай дзяржаве, можна па тэлефоне +(218 21) 361 63 16.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннем адстаўкі Муамара Кадафі, які кіруе краінай 42 гады, працягваюцца ў Лівіі з 15 лютага. У ходзе сутыкненняў дэманстрантаў з паліцыяй і войскам, па дадзеных міжнародных арганізацый, загінула каля 500 чалавек.

21 лютага стала вядома, што ваенная авіяцыя Лівіі адкрыла агонь баявымі патронамі па дэманстрантах, якія сабраліся ў Трыпалі і Бенгазі з патрабаваннем звяржэння кіруючага ў краіне рэжыму.

На наступны дзень Муамар Кадафі заявіў, што не пакіне Лівію, а людзі, якія выйшлі на акцыі пратэсту, на яго думку, заслугоўваюць смяротнага прысуду.