Амбасада Беларусі ў Маскве "ўключылася" ў інфармацыйную вайну

30.05.2011 16:56
Архив Редакция

Амбасада Беларусі ў Маскве рэзка адрэагавала на "легковесные размышлизмы" па пытаннях развіцця беларуска-расійскіх адносін галоўрэда "Маскоўскага камсамольца". "Галасуючы за Аляксандра Лукашэнку, беларусы выступілі за моцную і аўтарытэтную ўладу, за парадак і адказнасць у краіне без карупцыі, крадзяжу і здрады нацыянальных інтарэсаў", — адзначылі ў амбасадзе.

«Хачу Вас запэўніць: ніякія надзеі нядобразычліўцаў Беларусі не апраўдаюцца. Гэтага не адбудзецца ніколі. Беларускія людзі самі вырашылі, каму даверыць вышэйшую ўладу», — падкрэсліў прэс-сакратар амбасады Аляксандр Гардзяйчук.

На яго думку, адрасат адкрытага ліста, імя якога не згадваецца, у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» 25 траўня абразіў «кіраўніка дружалюбнай Расіі дзяржавы, а значыць і простых грамадзян Беларусі». Прэс-сакратар амбасады выказаў меркаванне, што «ангажаваныя матэрыялы» і «тэндэнцыйныя «смажаныя шэдэўры»» выкліканыя асабістай помстай галоўрэда «МК» праз тое, што той «па аб’ектыўных прычынах не прыжыўся ў Беларусі».

Аляксандр Гардзяйчук параіў не спяшацца «залічаць у маргіналы тых, хто бачыць нашы краіны (Беларусь і Расію — Тэлеграф) у будучыні надзейнымі партнёрамі». Паводле яго слоў, «наіўныя домыслы аб тым, што, маўляў, «Расія стварыла ў Беларусі цяжкую эканамічную сітуацыю з валютай»» з’яўляецца паклёпам на расійскае кіраўніцтва.

Як паведамляў Тэлеграф, галоўны рэдактар газеты «Маскоўскі камсамолец» Павел Гусеў у жорсткай форме пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі аб магчымым вызваленні ўсіх асуджаных удзельнікаў мітынгу апазіцыі ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Гэтыя словы беларускага лідара былі адрасаваныя Захаду і Расіі, якія асудзілі расправы над апазіцыяй у краіне і адмаўляюць Аляксандру Лукашэнку ў «матэрыяльнай дапамозе», у той час як эканоміка Беларусі адчувае найвастрэйшы крызіс, лічыць расійскі журналіст.

«Ленін казаў аб такіх з зусім дакладным азначэннем: «палітычная прастытутка». Лукашэнка — палітычная прастытутка, якая ўсе гэтыя гады віхляе хвастом, лычом і ўсімі астатнімі часткамі цела туды, куды паказвае вектар сілы», — сказаў Павел Гусеў.

Как вам новость?