Амбасада РФ: на затрыманых расійцаў аказваюць псіхалагічны ціск

10.02.2011 16:51
Архив Редакция

Дарадца амбасады Расіі ў Мінску Вадзім Гусеў 10 лютага па выніках сустрэчы з расійцамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым, арыштаванымі па справе аб масавых беспарадках 19 снежня, заявіў, што беларускія спецслужбы аказвалі на іх псіхалагічны ціск. Дыпламат назваў падобныя паводзіны беларускіх сілавікоў непрымальнымі. 

Паводле яго слоў, Арцёма Брэуса прымушалі да дачы лжывых паказанняў аб кантактах з арыштаванымі лідарамі апазіцыі і іншым затрыманым расійцам, пагражаючы ў адваротным выпадку пераводам у СІЗА КДБ і «несалодкім жыццём» ў калоніі.

У ходзе сустрэчы Вадзім Гусеў таксама азнаёміўся з тэкстам афіцыйнай адмовы на хадайніцтва адвакатаў затрыманых аб спыненні крымінальнай справы за адсутнасцю важкіх доказаў іх віны, перадае БелаПАН.

«Складваецца ўражанне, што беларускі бок спрабуе адысці ад відавочных фактаў, якія сведчаць аб невінаватасці нашых суайчыннікаў. Перш за ўсё, у матэрыялах абвінавачання адсутнічаюць прамыя фота- і відэадоказы прамога ўдзелу Брэуса і Гапонава ў акцыі 19 снежня на плошчы ў цэнтры Мінску, што ім ставіцца ў віну», — адзначыў дарадца расійскай амбасады.

Ён распавёў, што, па словах Арцёма Брэуса, той атрымаў «моцны ўдар дубінкай па галаве і ўжо ў сілу гэтага не мог здзяйсняць агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да вартавых правапарадку, як сцвярджае следства». Дыпламат паведаміў, што кадры, дзе малады чалавек з пабітай галавой сядзеў на зямлі, паказалі ў эфіры беларускага тэлебачання, але ў матэрыялах следства гэты сюжэт адсутнічае.

«На думку Брэуса, усё абвінавачанне на судзе супраць яго будзе будавацца на паказаннях толькі аднаго сведкі, які з’яўляецца супрацоўнікам беларускіх праваахоўных органаў, прычым гэты сведка мяняе свае паказанні», — адзначыў Вадзім Гусеў.

Са слоў затрыманага, падчас адміністрацыйнага разгляду ў снежні 2010 года сведка заяўляў, што бачыў Арцёма Брэуса на плошчы ў натоўпе. «Цяпер жа ён сведчыць аб тым, што Брэус нібыта нанёс пяць удараў па шчыце міліцыянта, што, на думку беларускага следства, з’яўляецца доказам яго агрэсіўных дзеянняў. Яшчэ раз падкрэсліваем: дакументальных фота- і відэасведчанняў гэтаму няма», — паведаміў дыпламат.

Між тым, як перадае РИА «Новости», крымінальную справу ў дачыненні да Арцёма Брэуса і Івана Гапонава накіравалі ў Мінскі гарадзкі суд для «вызначэння далейшай падсуднасці». Аб гэтым паведаміў афіцыйны прадстаўнік мінскай гарадской пракуратуры Сяргей Балашоў, адзначыўшы, што Мінскі гарадскі суд вызначыць, які з судоў будзе разглядаць справу.

Как вам новость?