Амбасада Ізраілю: "Флатылія свабоды" — правакацыя ісламістаў

02.06.2010 11:07
Архив Редакция

Амбасада Ізраілю ў Мінску першага чэрвеня распаўсюдзіла прэс-рэліз з выкладаннем пазіцыі краіны ў сувязі са штурмам «Флатыліі свабоды», якая накіроўвалася ў сектар Газа з гуманітарным грузам. У паведамленні гаворыцца, што «Флатылію свабоды» варта разглядаць "не як мірную акцыю, а як правакацыю, загадзя спланаваную фундаменталісцкімі ісламісцкімі арганізацыямі».

«Флатылія свабоды», нібыта закліканая прыцягнуць увагу да блакады сектара Газа, абвергла шматразовыя заклікі ўрада Ізраілю і Арміі абароны Ізраілю не дапусціць правакацыю і накіраваць ўвесь гуманітарны груз праз марскі порт Ашдода або праз міжнародныя арганізацыі», — гаворыцца ў паведамленні, перадае БелаПАН.

«Як бачна з відэазапісу, зробленага прэс-службай Арміі абароны Ізраілю, пры штурме аднаго з шасці караблёў флатыліі Mavi Marmara на ізраільскіх ваенных накінуліся з нажамі, палкамі і дубінкамі, а затым была ўжыта і агнястрэльная зброя. Ізраільскія салдаты былі вымушаны абараняцца і таму прынялі ўсе меры для спынення гвалтоўнай акцыі удзельнікаў флатыліі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле інфармацыі ізраільскага пасольства ў Мінску, у выніку штурму ў Міжземным моры аднаго з шасці караблёў флатыліі ізраільскімі ваенна-марскімі сіламі раніцай 31 траўня загінула дзевяць чалавек, каля 35 паранены. Сярод параненых — некалькі ізраільскіх салдатаў.

Амбасада адзначае таксама, што супраціў «меў месца толькі на адным з караблёў, арандаваным турэцкай ісламскай арганізацыяй IHH, якая, па дадзеных ЦРУ, па меншай меры з 1996 года звязана з пераводам грашовых сродкаў такім тэрарыстычным арганізацыям, як ХАМАС і «Сусветны джыхад». «На іншых пяці караблях не было фізічнага супраціву, таму ніхто з тых, хто знаодзіўся там не пацярпеў», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

«Ізраіль аб’явіў марскую блакаду сектару Газа, бо гэтая тэрыторыя кантралюецца тэрарыстычнай арганізацыяй «ХАМАС», якая за апошнія восем гадоў накіравала на мірнае насельніцтва Дзяржавы Ізраіль больш за дзесяць тысяч ракетаў. Ізраіль не дапускае дастаўку туды неправераных грузаў», — гаворыцца ў паведамленні амбасады Ізраіля.

У пасольстве дадалі таксама, што некаторыя ўдзельнікі флатыліі «ні ў якім выпадку не з’яўляюцца змагарамі за свабоду, бо ясна заявілі аб сваім намеры прымяніць насілле пры аказанні супраціву салдатам Арміі абароны Ізраілю».

Как вам новость?