Амбасадар Беларусі абвінаваціў ЕС у "палітычным экстрэмізме"

29.03.2010 12:37
Архив Редакция

Амбасадар Беларусі ў Еўрапейскім Саюзе Уладзімір Сянько апублікаваў адкрыты ліст, адрасаваны кіраўніцтву Еўрасаюза. У сваім звароце дыпламат абвінаваціў ЕС у "невыкананні абавязкаў" і "палітыцы падвойных стандартаў". Ініцыятараў жа праграмы парламенцкай асамблеі «Ўсходняга Партнёрства» Еўранест Уладзімір Сянько абвінаваціў у "правакацыі" і "дзеяннях з пазіцый палітычнага экстрэмізму".

У дадзеным выпадку амбасадар абрынуў сваю крытыку на пазіцыю Еўранеста, у адпаведнасці з якой Беларусь павінна была быць прадстаўлена пяццю прадстаўнікамі парламента і пяццю прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Уладзімір Сянько лічыць такую прапанову дыскрымінацыйнай і абразлівай, паведамляе афіцыйны сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Беларускі амбасадар нагадаў еўрадэпутатам пра рашэнне Еўрапейскай Рады, прынятае ў кастрычніку 2008 года. Тады Еўрапейская Рада заявіла пра неабходнасць адысці ад палітыкі ізаляцыі Беларусі.

Уладзімір Сянько назваў падыход Еўрасаюза «несур’ёзным і шкодным». Ён таксама абвінаваціў ЕС у безадказнасці і ў «перашкоджванні ўмацаванню незалежнасці маладой беларускай дзяржавы». Дыялог Беларусі і ЕС павінен будавацца «пры поўнай павазе нацыянальных асаблівасцяў і рыс Беларусі», адзначыў амбасадар.

 «Нажаль, некаторыя нашы партнёры ў ЕС, і асабліва ў Еўрапейскім парламенце выяўляюць негатовасць прыняць філасофію роўнага і прагматычнага падыходу да кантактаў з Беларуссю. Яны не гатовыя выявіць палітычную адвагу і адмовіцца ад сталага ціску, павучання і тыкання пальцамі, што даказалі сваю непрадуктыўнасць», — заявіў Уладзімір Сянько.

Беларускі амбасадар паведаміў, што паміж ЕС і Беларуссю ідзе паспяховае супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, транспарта, стандартызацыі, сельскай гаспадаркі і экалогіі. Дыпламат таксама адзначыў, што ўсталявана супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека.

«Не ўсё задавальняе нашых партнёраў у Бруселі, але важна прызнаць, што базавыя чаканні Беларусі ад ЕС таксама далёкія ад выканання. Гэта тычыцца амаль усіх сфер нашага супрацоўніцтва: ад палітыкі і эканомікі да асабістых кантактаў. Мы дагэтуль чакаем адчувальных вынікаў», — скончыў свой ліст прадстаўнік афіцыйнага Мінска.

Как вам новость?
Головоломки