Амбасадары краін ЕС байкатуюць інаўгурацыю Лукашэнкі на знак пратэсту

20.01.2011 17:07
Архив Редакция

Прэс-сакратар кіраўніка дыпламатыі Еўрасаюза Кэтрын Эштан Мая Касьянчыч 20 студзеня заявіла, што амбасадары краін Еўрасаюза ў Беларусі не будуць удзельнічаць у цырымоніі інаўгурацыі кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яе слоў, такім чынам яны выкажуць пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, разгону масавых дэманстрацый у снежні і арыштаў прадстаўнікоў апазіцыі.

Дыпламатычныя крыніцы ў Брусэлі раней таксама паведамлялі, што амбасадары краін Еўрапейскага саюза ў Беларусі збіраюцца байкатаваць дадзеную цырымонію, перадае РИА «Новости».

«Я магу пацвердзіць, што кіраўнік нашай (Еўракамісіі) дэлегацыі і амбасадары краін ЕС не будуць удзельнічаць у цырымоніі інаўгурацыі», — заявіла журналістам у Брусэлі прадстаўніца кіраўніка знешнепалітычнага ведамства ЕС Маяя Касьянчыч.

Таксама паведамлялася, што паслы краін Еўрасаюза выедуць з Мінску на час правядзення цырымоніі.

Тым часам, на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі будуць прысутнічаць дыпламаты 32 краін і міжнародных арганізацый, праінфармаваў 20 студзеня прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных.

«Кіраўнікі 32 дыппрадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый, размешчаных у Мінску, пацвердзілі свой удзел у цырымоніі інаўгурацыі», — сказаў ён і ўдакладніў, што прысутнічаць на дадзеным мерапрыемстве дазваляецца толькі кіраўнікам дыпмісій і замежных арганізацый.

У амбасады накіроўваецца цыркулярная нота аб пацверджанні ўдзелу ў цырымоніі таго ці іншага кіраўніка дыппрадстаўніцтва, калі пацвярджэнне будзе атрымана, яму дасылаецца запрашэнне, растлумачыў Андрэй Савіных.

Аднак ён не ўдакладніў, ці пацвердзілі свой удзел у мерапрыемстве прадстаўнікі Еўрасаюзу, а ў некалькіх пасольстваў краін ЕС у Мінску адмовіліся ад каментароў на дадзеную тэму.

Прадстаўнік польскай амбасады паведаміў, што пасол не атрымліваў запрашэння на інаўгурацыю, аднак у дзень яе правядзення ў любым выпадку будзе адсутнічаць у сталіцы па прычынах, не звязаных з цырымоніяй.

Прэс-сакратар амбасады Расіі Вадзім Гусеў, у сваю чаргу, запэўніў, што кіраўнік расійскай дыпмісіі Аляксандр Сурыкаў атрымаў запрашэнне і возьме ўдзел у цырымоніі.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, інаўгурацыя беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прызначаная на 21 студзеня.

Как вам новость?
Головоломки