Amnesty International налічыла 16 вязняў сумлення ў Беларусі

12.01.2011 10:19
Архив Редакция

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выказала занепакоенасць у сувязі з затрыманнем у Беларусі 25 актывістаў апазіцыі і журналістаў. «16 з гэтых затрыманых з'яўляюцца вязнямі сумлення, якім прад'явілі сфабрыкаваныя абвінавачанні праз іх мірнае выказванне сваіх палітычных поглядаў», — заявіў намеснік дырэктара арганізацыі па Еўропе і Сярэдняй Азіі Джон Далх'юзэн.

На думку экспертаў Amnesty International, вязнямі сумлення з’яўляюцца былыя кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч, журналісты Наталля Радзіна (рэдактар сайта Хартыя 97), Ірына Халіп (карэспандэнт расійскай «Новой газеты»), Сяргей Вазняк (галоўны рэдактар газеты «Таварыш»). Акрамя таго, вязнямі сумлення сталі палітолаг Аляксандр Фядута, сустаршыня БХД Павал Севярынец, лідар АГП Анатоль Лябедзька, сябра выбарчага штаба Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец, каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, член выбарчага штаба Мікалая Статкевіча Аляксандр Арастовіч і Сяргей Марцалеў, намеснік кіраўніка арганізацыі «Малады фронт» Наста Палажанка.

Акрамя таго, у Amnesty International адзначылі, што арганізацыя працягвае вывучэнне спраў астатніх затрыманых у сувязі з падзеямі 19 снежня, таму колькасць вязняў сумлення можа ўзрасці. Праваабаронцы таксама паведамілі, што нягледзячы на вызваленне на волю экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага і членаў АГП Анатоля Паўлава і Алега Корбана, абвінавачанні з іх зняты не былі.

Amnesty International таксама запатрабавала безумоўнага вызвалення вязняў сумлення. «Пераслед і жорсткае абыходжанне з людзьмі, якія былі мірнымі дэманстрантамі, паказвае абуральную непавагу правоў чалавека з боку беларускіх уладаў і заслугоўвае самага рашучага асуджэння з боку міжнароднай супольнасці», — адзначыў праваабаронцы.

Па словах экспертаў, затрыманым адмовілі ў неабходным доступе адвакатаў і дактароў, хоць многія з іх «былі жорстка збітыя спецназам у дзень дэманстрацыі». У Amnesty International сярод іншага адзначылі, што не знайшлі пераканаўчых доказаў таго, што кандыдаты да або падчас дэманстрацыі заклікалі да масавых беспарадкаў. На думку праваабаронцаў, толькі невялікая група дэманстрантаў штурмавала будынак беларускага парламенту.

Для даведкі: вязень сумлення — тэрмін, які адносіцца да чалавека, які знаходзіўся пад вартай або ў зняволенні выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных, рэлігійных або навуковых поглядаў. Раней у Беларусі вязнямі сумлення прызнаваліся вучоны Юры Бандажэўскі, прадпрымальнікі Аляксандр Васільеў і Валер Леванеўскі, лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, апазіцыйныя актывісты Андрэй Клімаў, Ігар Коктыш і Максім Дашук, кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч. Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец сталі вязнямі сумлення паўторна.

Как вам новость?
Головоломки