Amnesty International: "Вясну" пераследуюць за законную дзейнасць

16.02.2011 14:18
Архив Редакция

Amnesty International Міжнародная арганізацыя апублікавала даклад "Бяспека, мір і парадак?: Парушэнні пасля выбараў у Беларусі", у якім зазначае, што праваабарончы цэнтр "Вясна" і яго супрацоўнікаў мэтанакіравана пераследуюць беларускія спецслужбы за законную працу, і заклікае міжнародную супольнасць асудзіць дадзеныя дзеянні.

У дакуменце паведамляецца, што «з дня дэманстрацыі 19 снежня адзначаліся паўсюдныя парушэнні правоў тых, хто фіксаваў парушэнні правоў чалавека і імкнуўся падтрымаць ахвяраў міліцэйскага самавольства, а таксама тых, каго несправядліва абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў». На думку Amnesty International, дзеянні беларускіх уладаў супярэчаць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь.

«Праваабарончыя арганізацыі ў Беларусі працуюць у варожай абстаноўцы, і Amnesty International дакументальна адзначыла тыя цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца пры рэгістрацыі арганізацый і ажыццяўленні сваёй дзейнасці. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, яны выконваюць неацэнную працу, фіксуючы парушэнні правоў чалавека і аказваючы прававую дапамогу насельніцтву. Пасля выбараў 19 снежня становішча тых нямногіх арганізацый, якія працягваюць адсочваць парушэнні правоў чалавека, толькі пагоршылася. КДБ праводзіў ператрусы ў праваабарончых арганізацыях па ўсёй краіне, адбіраў іх маёмасць і дапытваў супрацоўнікаў. Маштаб гэтых дзеянняў наводзіць на думку аб тым, што ўлады маюць намер не столькі праводзіць абгрунтаванае расследаванне, колькі запалохваць праваабарончыя арганізацыі», — заяўляюць аўтары дакладу.

У якасці прыкладаў падобных дзеянняў яны прыводзяць затрыманне ўначы з 19 на 20 снежня кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака, які адсочваў захаванне правоў мітынгоўцаў, ператрусы ў яго і старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага, а таксама на офісах арганізацый, вынясенне Мінюстам папярэджання БХК пасля дакладу камітэту спецыяльнаму дакладчыку ААН. Amnesty International заклікае беларускае кіраўніцтва забяспечваць права на свабоду аб’яднанняў, а таксама права БХК, «Вясны» і іншых няўрадавых арганізацый на законную дзейнасць, звязаную з абаронай правоў чалавека.

«Закручванне гаек, якое паследавала за прэзідэнцкімі выбарамі 19 снежня, паставіла чарговы рэкорд са знакам мінус у тым, што тычыцца стану правоў чалавека ў Беларусі. Адзіны спосаб спыніць гэта — неадкладна вызваліць усіх вязняў сумлення, пачаць выконваць правы затрыманых і правесці дбайнае, бесстаронняе і незалежнае расследаванне парушэнняў правоў чалавека. Як паказалі нядаўнія падзеі, бяспека асобна ад выканання правоў чалавека не існуе», — прыводзіць тэкст дакументу сайт «Вясны».

Amnesty International таксама рэкамендуе ўладам краіны «паклапаціцца аб тым, каб праваабаронцы, юрысты і іншыя суб’екты грамадзянскай супольнасці маглі бесперашкодна весці законную дзейнасць, не асцерагаючыся рэпрэсій ці сабатажу; вярнуць камп’ютарнае абсталяванне і іншыя матэрыялы, канфіскаваныя з офісаў Беларускага Хельсінкскага камітэту, праваабарончага цэнтру «Вясна» і іншых праваабарончых і грамадскіх арганізацый».

Amnesty International мяркуе, што пры любых дыялогах міжнароднай супольнасці з уладамі Беларусі неабходна падымаць пытанне парушэння правоў чалавека ў рэспубліцы.

Как вам новость?
Головоломки