Францыя хоча пабудаваць у Беларусі "найлепшую" АЭС

23.04.2010 10:18
Архив Редакция

Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры 22 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў, што Францыя жадала б прыняць удзел у будаўніцтве беларускай АЭС. "Няма нікога ў Беларусі больш зацікаўленага, чым я, у тым, каб французскія прадпрыемствы пабудавалі беларускую АЭС. Атамныя станцыі, пабудаваныя намі — самыя лепшыя і бяспечныя ў свеце", — сказаў дыпламат.

Па словах французскага амбасадара, такое супрацоўніцтва «павялічыла б таваразварот паміж Беларуссю і Францыяй у дзясяткі разоў», перадае БелаПАН.

«Аднак рашэнне пра магчымы ўдзел у будаўніцтве беларускай АЭС прымае не французскі ўрад, а самі кампаніі», — адзначыў Мішэль Рэнеры, дадаўшы, што будаўніцтва АЭС з’яўляецца вельмі дарагім праектам і ў Беларусі пакуль не вызначыліся з бюджэтам будучага будаўніцтва.

Рэнеры: Францыя чакае ад Беларусі «станоўчых сігналаў і далейшых крокаў наперад»

Па словах французскага дыпламата, яго краіна «чакае ад Беларусі станоўчых сігналаў і далейшых крокаў наперад, па патрабаваннях якія былі сфармуляваны 17 лістапада мінулага года падчас паседжання Рады Еўрасаюза». Пры гэтым Мішэль Рэнеры не канкрэтызаваў сутнасць гэтых крокаў.

«Калі я кажу пра гэтыя сігналы, думаю, што ўсё разумеюць, пра што ідзе гаворка, — сказаў амбасадар Францыі. — Калі вы паглядзіце заходнія газеты за апошнія некалькі месяцаў, то ўбачыце, што яны пісалі пра Беларусь, калі былі праблемы з Саюзам палякаў, калі былі пакараны два чалавекі, а цяпер пра Беларусь кажуць, згадваючы Бакіева (прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіев — Тэлеграф)», — сказаў дыпламат.

Разам з тым, Мішэль Рэнеры не стаў адказваць на пытанне пра пазіцыю Францыі адносна знаходжанні Курманбека Бакіева ў Мінску. «Я таксама не буду каментаваць асабістае рашэнне беларускага прэзідэнта», — падкрэсліў пасол Францыі.

Рэнеры: у Беларусі палепшыліся ўмовы інвестыцыйнага клімату

Кажучы пра развіццё франка-беларускіх адносін, Мішэль Рэнеры заявіў, што галоўнай задачай сёлета для Францыі і Беларусі з’яўляецца пошук «шляху эканамічнага росту».

«За апошнія некалькі гадоў у Беларусі значна палепшаны тыя структуры, якія адказваюць за эканамічнае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, палепшыліся ўмовы інвестыцыйнага клімату», — адзначыў дыпламат.

Па словах французскага амбасадара, з пачатку гэтага года ён ужо прыняў у пасольстве больш 30 французскіх прадпрымальнікаў, якія зацікаўлены працаваць у Беларусі. Па словах Мішэля Рэнеры, Францыя таксама ўжо адкрыла для Беларусі магчымасць страхавання сярэднетэрміновых крэдытаў. «Наколькі я ведаю, першае дасье ўжо паступіла», — сказаў дыпламат.

Как вам новость?