Андрэйчанка: удзел Беларусі ў Еўранесце залежыць ад шасці краін-партнёраў

31.03.2010 12:36
Архив Редакция

Спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з амбасадарам Украіны ў Беларусі Ігарам Ліхавым заявіў, што зварот спікераў парламентаў шасці краін-партнёраў заахвоціў Еўрапарламент перагледзець пазіцыю пра ўдзел Беларусі ў Еўранесце. "Наш удзел будзе залежыць ад далейшай пазіцыі парламентаў шасці краін-партнёраў", — лічыць Уладзімір Андрэйчанка.

Па словах старшыні Палаты прадстаўнікоў, гэты зварот «падзейнічаў, Еўрапарламент не змог прыняць рашэння, якім чынам фармаваць беларускую дэлегацыю, і адклаў разгляд гэтага пытання», перадае БелТА.

Уладзімір Андрэйчанка таксама падзякаваў свайму ўкраінскаму калегу Уладзіміру Літвіну за тое, што ўкраінскі парламент падпісаў пасланне шасці дзяржаў-партнёраў у Еўрапарламент пра тое, што «яны не бачаць свайго ўдзелу ў Еўранесце без паўнапраўнага ўдзелу Нацыянальнага сходу Беларусі ў парламенцкім вымярэнні «Ўсходняга партнёрства».

Каментуючы вынікі дзейнасці Ігара Ліхавога на пасадзе амбасадара Ўкраіны ў Беларусі, спікер беларускага парламента адзначыў, што «была здзейснена вельмі плённая праца, зроблены вялікі асабісты ўнёсак у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва, дыпламатычная місія завяршаецца на высокай ноце». Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, арганізаваны шэраг візітаў на вышэйшым і высокім узроўнях.

Андрэйчанка: Беларусь і Ўкраіна адкрылі новы радок адносін паміж сабой

Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама заявіў пра тое, што «адкрыты новы радок у развіцці парламенцкіх адносін паміж Беларуссю і Ўкраінай». «У дзень пачатку вясновай сесіі другога красавіка дэпутаты плануюць ратыфікаваць тры беларуска-ўкраінскія дакументы: дамову пра дзяржаўную мяжу і пра перадачу асуджаных да адбыцця пакарання, а таксама дамова пра бязвізавыя паездкі грамадзян», — распавёў Уладзімір Андрэйчанка.

У сваю чаргу амбасадар Украіны ў Беларусі назваў гэтыя дакументы «жыццёвымі». «У іх няма нічога пратакольнага, яны будуць уплываць на жыцці дзясяткаў і сотняў тысяч людзей», — сказаў Ігар Ліхавы.

Удзельнікі сустрэчы таксама адзначылі, што хуткім часам чакаецца візіт прэзідэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў Беларусь. Па меркаванні спікера беларускага парламента, гэты візіт паставіць перад краінамі новыя задачы.

«Застаецца яшчэ шмат непрапрацаваных належным чынам пытанняў у міжрэгіянальным супрацоўніцтве. На рэалізацыю гэтых праектаў патрэбныя невялікія грошы, магчыма стварэнне сумесных прадпрыемстваў, развіццё прымежнага гандлю», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Как вам новость?
Головоломки