Апазіцыі забаранілі пікетаваць Белтэлерадыёкампанію

04.05.2010 14:54
Архив Редакция

Мінскія ўлады адказалі адмовай на заяўку Аб'яднанай грамадзянскай партыі на правядзенне пікету каля будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Макаёнка. Пра гэта паведаміў чацвёртага траўня старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў, які падаваў заяўку на правядзенне пікету.

Па словах апазіцыянера, у сваім адказе партыі Мінгарвыканкам аргументаваў сваё рашэнне заканадаўствам Беларусі, паводле якога «правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапушчаецца на адлегласці менш за 200 метраў ад будынкаў телерадыёцэнтра», перадае сайт АГП.
Палітык пры гэтым нагадаў, што раней улады дазволілі групе ветэранаў пікетаваць газету «Народная воля», і «ім было дазволена збірацца ў Аляксандраўскам садзе літаральна крок ступіць ад Адміністрацыі прэзідэнта, стаць з плакатамі насупраць вокнаў «Народнай волі» і выявіць сваю незадаволенасць тым, што «Народная воля» нібыта публікавала матэрыялы, якія іх не задавальняюць».
«У той жа час Беларускае тэлебачанне ўвесь час скажае інфармацыю пра нашу партыю і ў першую чаргу пра яе лідараў. Калі кагосьці і паказваюць на тэлеэкране, то фактычна замест слоў выступоўцы ўстаўляюцца каментары нейкіх людзей, якія нават не называюць сябе і ў карэнным чынам скажаюць тое, пра што было сказана насамрэч. Аналагічна быў паказаны наш нядаўні з’езд», — адзначыў Анатоль Паўлаў.
«Нам адмовілі. Пры гэтым службоўцы спасылаюцца на закон. Атрымліваецца, што закон для ветэранаў адзін, а для афіцыйна дзейснай апазіцыйнай партыі — іншы», — лічыць актывіст апазіцыі.

Как вам новость?
Головоломки