Апазіцыя Беларусі вылучыла агульныя патрабаванні да ўлады

29.06.2011 17:20
Архив Редакция

Найбуйнейшыя беларускія дэмакратычныя партыі і рухі Беларусі падпісалі 29 чэрвеня пагадненне, у якім сфармулявалі агульныя патрабаванні да ўладаў ва ўмовах эканамічнага крызісу. Першым патрабаваннем стала спыненне ўсiх крымiнальных спраў і адмена ўсіх прысудаў па "справе 19 снежня".

Акрамя таго, апазіцыя патрабуе зарэгістраваць усе дэмакратычныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўнесці шэраг змяненняў у выбарчае заканадаўства.

Ад аргкамітэту па стварэнні палітычнай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пагадненне падпісаў Віталь Рымашэўскі, ад Партыі БНФ — Уладзімір Лабковіч, ад аргкамітэту па стварэнні грамадскага аб’яднання «Гавары праўду!» — Уладзімір Някляеў, ад Руху «За Свабоду» — Аляксандр Мілінкевіч, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Анатоль Лябедзька, ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» — Сяргей Калякін.

Поўны тэкст пагаднення апазіцыйных сіл «Аб умовах правядзення свабодных выбараў, як найважнейшага элементу выхаду Беларусі з сістэмнага палітычнага і эканамічнага крызісу»:

Мы, прадстаўнікі дэмакратычных сіл Рэспублікі Беларусь, разумеючы сваю адказнасць і ўсведамляючы свой абавязак перад беларускім народам па абароне яго імкнення да Незалежнасці, Свабоды, будаўніцтва прававой дэмакратычнай дзяржавы, канстатуем наступнае:

У выніку шаснаццаці гадоў праўлення эканоміка Рэспублікі Беларусь апынулася ўкінутай у стан крызісу,я кі штораз паглыбляецца. Народ быў адхілены ад фактычнага ўдзелу ў кантролі за расходаваннем бюджэтных сродкаў, у выніку чаго не праходзіла рэальная мадэрнізацыя дзейных прадпрыемстваў, не адкрываліся новыя рабочыя месцы, не прыцягвалася дастатковую колькасць інвестыцый. На ўсіх узроўнях улады прымаліся меры выключна папулісцкага характару; атрыманыя бюджэтам сродкі траціліся для падтрымання асабістага рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі, а не для стратэгічнага развіцця краіны.

Эканамічны крызіс быў пагоршаны крызісам палітычным. Сістэматычныя парушэнні вышэйшым кіраўніцтвам краіны заканадаўства, накіраваныя на ўзмацненне рэжыму асабістай улады, прывялі да празмернай канцэнтрацыі паўнамоцтваў у руках аднаго чалавека, разбурэння балансу галін улады, першапачаткова прадугледжанага Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Мэтай дзеянняў усёй сістэмы кіравання стаў не рост дабрабыту грамадзян і іх сем’яў, а ўмацаванне рэпрэсіўнага механізму і кансервацыя наяўнай сітуацыі. Самым яркім выражэннем гэтага сталі антыдэмакратычныя, антызаконныя і, у канчатковым рахунку, антынародныя рэпрэсіі 19 снежня 2011 года і наступная імітацыя працэсу правасуддзя. Усё гэта прывяло да рэзкага падзення аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне, скарачэння аб’ёмаў эканамічнай падтрымкі краіны і пагаршэння матэрыяльнага становішча мільёнаў радавых грамадзян.

Міжнародныя арганізацыі, а таксама дружалюбныя да Беларусі дзяржавы з глыбокай і шчырай занепакоенасцю канстатуюць рэзкае пагаршэнне становішча з асноўнымі правамі і свабодамі грамадзян у нашай краіне. Так званыя «судовыя працэсы» над удзельнікамі мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2011 года, а таксама прадпрымальнікамі і журналістамі, членамі дэмакратычных партый і беспартыйнымі, моладзевымі актывістамі, што мелі смеласць у той ці іншай форме выказаць сваю нязгоду з курсам уладаў, адсутнасць рэальных механізмаў, якія дазволілі б адкрыта і галосна забяспечыць падследным, а затым падсудным паўнавартасную абарону ў вызначаных Законам аб’ёмах і формах, пераканалі ў галоўным: калі ў праве на абарону адмоўлена грамадзянам краіны, то абарона інтарэсаў замежных грамадзян і замежных інвестараў становіцца і зусім праблематычнай. Беларуская дзяржава паводзіць сябе як бандыт, і механізмы кантролю за законнасцю яе дзеянняў адсутнічаюць.

Усё гэта робіць немагчымай абарону паўсядзённых эканамічных інтарэсаў як краіны і народа ў цэлым, так і кожнай сям’і і кожнага грамадзяніна паасобку без поўнамаштабнай палітычнай рэформы. Адзіным сведчаннем правядзення такой рэформы могуць стаць празрыстыя выбары, дэмакратычны характар якіх быў бы прызнаны як усімі палітычнымі сіламі і ўдзельнікамі электаральнага працэсу ўнутры Рэспублікі Беларусь, так і міжнароднымі арганізацыямі — Радай Еўропы і АБСЕ. Менавіта такія выбары дазволілі б сфармаваць паўнамоцны Парламент і адказны перад народам Урад Рэспублікі Беларусь, які змог бы правесці неабходныя эканамічныя рэформы і пераадолець эканамічны крызіс. Паўнамоцны Парламент і адказны Урад, якія абапіраюцца як на большасць выбаршчыкаў, так і на палітычную апазіцыю, змаглі б гарантаваць замежным інвестарам захаванасць іх інвестыцый у сучаснасці і будучыні, а таксама правесці на законнай падставе амністыю капіталу для ўнутраных інвестыцый і даць магчымасць грамадзянам Беларусі свабодна працаваць і зарабляць.

Разглядаючы выбары як інструмент вырашэння першачарговых палітычных і выцякаючых з іх эканамічных праблем, мы адначасова адзначаем:

1. Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца дэмакратычнымі, калі яны праходзяць у краіне, дзе існуюць палітычныя зняволеныя.

2. Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца празрыстымі ва ўмовах абмежавання правоў палітычных партый і структур грамадзянскай супольнасці, свабоды прэсы, мітынгаў і сходаў.

3. Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца законнымі, калі іх вынікі атрыманы ва ўмовах фактычнай няроўнасці палітычных сіл пры фармаванні выбарчых камісій, абмежаванні рэальных магчымасцяў забеспячэння кантролю і вядзення назірання за ходам галасавання і падлікам галасоў, а таксама адсутнасці магчымасці правядзення незалежных сацыялагічных даследаванняў і інструментаў рэальнай абароны інтарэсаў выбаршчыкаў і кандыдатаў у судзе.

Гэта азначае, што беларускі народ сёння пазбаўлены права праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары самастойна кіраваць сваёй краінай і фармаваць усе ўзроўні ўлады ў краіне.

Для рэалізацыі гэтага права, без чаго немагчыма пераадоленне сістэмнага крызісу, выкліканага дзеяннямі кіруючага рэжыму, мы, прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, патрабуем:

1. Неадкладна спыніць усе крымінальныя справы ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэста 19 снежня 2010 года, а таксама іншых палітычных зняволеных, вярнуць ім паўнату грамадзянскіх правоў і свабодаў. Спыніць працэс пераследу іншадумцаў па месцы вучобы і працы, забяспечыць вяртанне звольненых і выключаных (у выпадку іх жадання) на ранейшыя месцы працы і вучобы.

2. Зарэгістраваць усе грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, якім па надуманых прычынах адмаўлялася ў рэгістрацыі. Унесці ў заканадаўства неабходныя і прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі змены, якія спрашчаюць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці. Адмяніць артыкулы 193-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.

3. Стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Спрасціць сістэму іх рэгістрацыі. Адмяніць незаконныя абмежаванні на іх выданне і распаўсюджванне.

4. Унесцi ў Выбарчы кодэкс змены наступнага зместу:

• Замацаваць абавязковае права палітычным партыям дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, калі палітычная партыя прыняла рашэнне аб удзеле ў выбарах;
• Замацаваць права назіральнікаў аглядаць падлік галасоў такім чынам, каб бачыць волевыяўленне грамадзян у кожным бюлетэні, атрымліваць любую інфармацыю, якая тычыцца выбараў, а таксама фіксаваць працэс падліку галасоў наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі; прадставіць назіральнікам права апячатваць выбарчыя скрыні подпісамі нароўні з членамі выбарчых камісій;
• Вызначыць падставы, якія даюць выключнае права на датэрміновае галасаванне і галасаванне па месцы жыхарства (дакументальна пацверджаная камандзіроўка, адпачынак, ад’езд на лячэнне, пацверджанне медыцынскай даведкай стану здароўя, якое перашкаджае выбаршчыку асабіста наведаць ўчастак у дзень выбараў);
• Замацаваць на практыцы асобны празрысты падлік па кожным з відаў галасавання і кожнай з выкарыстаных у ходзе галасавання скрыняў, а таксама адлюстраванне вынікаў раздзельнага падліку галасоў у выніковым пратаколе;
• Замацаваць права судовага абскарджання любых рашэнняў выбарчых камісій усіх узроўняў.

З моманту вызвалення ўсіх палітычных зняволеных дэмакратычныя сілы Рэспублікі Беларусь, якія ўдзельнічаюць у дадзеным пагадненні, гатовы разам з прадстаўнікамі ўлады абмяркоўваць гэтыя і іншыя змены ў заканадаўстве, накіраваныя на пераадоленне сістэмнага крызісу, адраджэнне паўнавартасных дэмакратычных інстытутаў і развіццё эканомікі краіны.

У выпадку невыканання выкладзеных патрабаванняў дэмакратычныя сілы Рэспублікі Беларусь, якія ўдзельнічаюць у дадзеным пагадненні, пакідаюць за сабой права на правядзенне байкоту выбарчых кампаній, а таксама арганізацыю акцый палітычнага пратэсту.

Как вам новость?
Головоломки