Апазіцыя: Грыбаўскайце выказала падтрымку Лукашэнку

21.10.2010 10:35
Архив Редакция

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў ходзе свайго візіту ў Мінск 20 кастрычніка сустрэлася таксама з апазіцыйнымі беларускімі палітыкамі, якія прэтэндуюць на пасаду кіраўніка дзяржавы на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Пасля сустрэчы патэнцыйныя кандыдаты прыйшлі да высновы, што літоўская лідарка сваім візітам аказала знак палітычнай падтрымкі дзейнаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.

З беларускага боку ў сустрэчы, якая прайшла ў амбасадзе Літвы, прынялі ўдзел прэтэндэнты на пост прэзідэнта Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саннікаў, перадае БелаПАН.

Раманчук: мы хочам, каб пазіцыя Літвы і ЕС была больш жорсткай

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук заявіў, што сустрэча з прэзідэнтам Літвы пакінула супярэчлівае ўражанне. «Застаўся незразумелым парадак дня візіту Грыбаўскайце. Літва перад выбарамі ў Беларусі спрабавала вырашыць прагматычныя пытанні, але такія пытанні перад выбарамі не вырашаюцца. І я, напэўна, пагаджуся з некаторымі аналітыкамі, што гэты візіт — візіт палітычнай падтрымкі Лукашэнку», — заявіў апазіцыйны палітык.

Па словах намесніка старшыні АГП, Даля Грыбаўскайце заклікала апазіцыйных палітыкаў да аб’яднання і агучыла словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што будуць зарэгістраваныя ўсе кандыдаты ў прэзідэнты, якія набяруць сто тысяч подпісаў, а члены ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты будуць уключаны ў выбарчыя камісіі. «Аднак усім гэтым абяцанням Лукашэнкі грош цана. Нам бы хацелася, каб пазіцыя Літвы і ЕС была больш кансалідаванай і больш жорсткай», — падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Саннікаў: маўчанне Еўропы аб выкраданнях ў Беларусі выглядае дзіўным

Па словах лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, на сустрэчы было падкрэслена, што Даля Грыбаўскайце прыехала ў Мінск не толькі як прэзідэнт Літвы, але і як прадстаўнік АБСЕ.

«Я сказаў, што на фоне асуджэння з боку Расіі Лукашэнкі і яе ўвагі да выпадкаў выкраданняў і забойстваў палітыкаў і журналістаў маўчанне Еўропы выглядае дзіўным. На мой погляд, Лукашэнка не мае ніякай падтрымкі ў народзе, людзі сапраўды хочуць змены ўлады і сёння існуе рэальны шанец пазбавіцца ад дыктатуры ў сэрцы Еўропы. Літоўскі бок заявіў, што добра валодае сітуацыяй у Беларусі, уважліва сочыць за ёй і кансультуецца з іншымі членамі ЕС», — сказаў Андрэй Саннікаў.

Някляеў: Еўрасаюз на беларускіх выбарах не будзе падтрымліваць апазіцыю

Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў паведаміў, што па выніках сустрэчы з Даляй Грыбаўскайце ў яго ўзнікла ўражанне, што беларускай апазіцыі будучых выбарах не варта чакаць падтрымкі ні ад Расіі, ні ад Еўрапейскага саюза.

«Яны не будуць нікога падтрымліваць. Адказнасць за лёс Беларусі ляжыць на нас саміх. Мы чакалі падтрымкі ад кагосьці ў 2001, у 2006 гадах. Але гэты візіт Грыбаўскайце даў зразумець — усё павінны вырашаць мы самі», — заявіў апазіцыйны палітык.

Рымашэўскі: Грыбаўскайце гаварыла з Лукашэнкі аб рэгістрацыі БХД

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі застаўся задаволены сустрэчай. «Раней я казаў, што ацэньваць гэты візіт варта толькі па яго завяршэнні. Цяпер я магу сказаць — я яго ацэньваю станоўча. Мы абмеркавалі пытанні беларускіх выбараў, сітуацыю з рэгістрацыяй грамадскіх аб’яднанняў, свабодай СМІ і артыкулам Крымінальнага кодэксу 193-1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Вядома ж, абмяркоўваліся і пытанні геапалітычнага выбару Беларусі», — сказаў Віталь Рымашэўскі.

Па словах палітыка, ва ўдзельнікаў сустрэчы «не паўстала дыскусій па ключавых праблемах». «Беларусь павінна цвёрда выконваць дэмакратычныя еўрапейскія стандарты як на выбарах, так і ў дачыненні да іншых правоў чалавека», — падкрэсліў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Віталь Рымашэўскі дадаў, што Даля Грыбаўскайце ставіла пытанне аб рэгістрацыі партыі БХД непасрэдна на перамовах з Лукашэнкам. «Гэта для нас вельмі важна, паколькі рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў БХД працягваюцца», — адзначыў апазіцыйны палітык.

Как вам новость?
Головоломки