Апазіцыя не зможа мітынгаваць на Кастрычніцкай плошчы Мінску

15.02.2011 15:59
Архив Редакция

Мінскія ўлады плануюць пачаць будаўніцтва падземнага паркінга пад Кастрычніцкай плошчай ужо вясной гэтага года, а завяршыць у 2013 годзе. Праектная дакументацыя паркінга будзе гатовая ўжо ў сакавіку. Пасля гэтага пачнуцца падрыхтоўчыя працы, у сувязі з чым доступ на плошчу абмяжуюць, закрыўшы яе спецыяльнай агароджай, паведаміла галоўная архітэктарка праектаў УП "Мінскпраект" Ларыса Зянова.

Для пачатку, каб вынесці інжынерныя сеткі з-пад плошчы, тут выкапаюць вялікі катлаван і ўсталююць свярдзелканабіўныя палі з падпорнай сцяной, перадае газета «Мінскі кур’ер».

Паводле плану, падземны чатырохпавярховы паркінг будзе паглыбляцца на 16 метраў пад зямлю. Стаянка будзе разлічаная на 620 машына-месцаў. З боку вуліцы Энгельса з’явіцца спецыяльная кішэня шырынёй тры і даўжынёй прыкладна 40 метраў, непасрэдна праз якую і можна будзе патрапіць у паркінг. З боку музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны будзе прадугледжаны аварыйны выезд.

Ларыса Зянова таксама распавяла, што ў падземным гаражы будзе чатыры выхады на плошчу, размешчаныя сіметрычна. З двух бакоў плошчы таксама будуць прадугледжаны два ліфты для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Саму ж Кастрычніцкую плошчу, па словах архітэктаркі, плануецца забрукаваць гранітам і ўпрыгожыць невялікімі кветнікамі. Цэнтральная частка плошчы па-ранейшаму застанецца свабоднай для святочных гулянняў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, гарадскія ўлады паставілі задачу ўвесці паркінг ў эксплуатацыю ў 2012 годзе. У кастрычніку 2010 года дырэктар КУП «Мінская спадчына» Павел Шыкунец заяўляў, што будаўніцтва падземнага паркінга на Кастрычніцкай плошчы будзе каштаваць Мінску 100 млрд. рублёў (33 млн. даляраў). Не выключана, што на яго будаўніцтва будзе ўзяты крэдыт пад гарантыі Мінгарвыканкама. Заказчыкам аб’екта выступае КУП «Мінская спадчына», генеральным праекціроўшчыкам — інстытут «Мінскпраект», генеральным падрадчыкам — ААТ «Мінскпрамбуд».

Как вам новость?
Головоломки